Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 верасня 2018, 15:45

Дадатковы кастынг вядучых дзіцячага "Еўрабачання-2018" прайшоў у Белтэлерадыёкампаніі

18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дадатковы кастынг прэтэндэнтаў на ролю вядучых дзіцячага "Еўрабачання-2018" прайшоў у Белтэлерадыёкампаніі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе.

За магчымасць "стаць рулявымі" еўрапейскага музычнага форуму, які пройдзе ў Мінску 25 лістапада, змагаліся восем як пачынаючых, так і масцітых вядучых. Прычым некаторыя з іх раней прадстаўлялі ўжо сябе ўжывую прафесійнаму журы, іншыя ж рабілі гэта ўпершыню. Аднак усім ім трэба было пастарацца, бо на кастынгу, акрамя спецыялістаў Белтэлерадыёкампаніі, прысутнічаў і шоу-дырэктар дзіцячага "Еўрабачання-2018" Гордан Банела.

Дарэчы, на гэты раз сярод канкурсантаў былі вядучыя канала "Беларусь 1" Дзяніс Дудзінскі і Уладзімір Богдан, якія, нягледзячы на сваю папулярнасць у тэлегледачоў, знаходзяцца ў роўных умовах з іншымі прэтэндэнтамі, бо галоўныя крытэрыі для журы - гэта дасканалае веданне англійскай мовы, уменне працаваць "на камеру", харызматычнасць і здольнасць да імправізацыі.

"Мільёны тэлегледачоў павінны ўбачыць на сваіх экранах сапраўдную асобу з энергіяй, азартам. Упэўненасць таксама адыгрывае вялікую ролю, таму нам патрэбны кандыдаты з вопытам работы ў прамым эфіры", - адзначыў Гордан Банела.

Імёны вядучых дзіцячага "Еўрабачання-2018" будуць вядомы пасля таго, як экспертная група праекта сумесна з Еўрапейскім вяшчальным саюзам вывучыць відэазапісы ўсіх прэтэндэнтаў і вызначыць тых вядучых, якія найбольш гарманічна ўпісваюцца ў агульную канцэпцыю музычнага форуму. У шчасліўчыкаў наперадзе няпростая задача: працаваць на асноўнай сцэне для вялікай аўдыторыі тэлегледачоў і паралельна размаўляць з удзельнікамі ў грын-руме.

Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў дзіцячага "Еўрабачання-2018" выступае Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь як адзіны ў краіне член ЕВС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі