Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 лістапада 2022, 11:07

ДАСЬЕ: Да 90-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага адзначае 90-годдзе. Тэатр з'яўляецца адным з цэнтраў сцэнічнага мастацтва, неад'емнай часткай культурнага жыцця і нацыянальным здабыткам Рэспублікі Беларусь. Ён мае сваё асаблівае мастацкае аблічча, вылучаецца высокім узроўнем акцёрскага выканання, арыгінальнасцю рэжысёрскіх трактовак, глыбокім падыходам да распрацоўкі рэпертуару.

Гісторыя тэатра, які больш вядомы як "Рускі", пачалася ў Бабруйску ў 1932 годзе. Заснавальнікам тэатра стаў Уладзімір Кумельскі, артыст шырокага творчага дыяпазону і тэмпераменту. Менавіта дзякуючы яму ў Бабруйску на базе вандроўнай рускай драматычнай трупы быў створаны Першы рускі тэатр БССР. У 1932 годзе пастановай Народнага камісарыята асветы пры Савеце народных камісараў БССР тэатру быў прысвоены статус "Дзяржаўны". З кастрычніка 1933 па сакавік 1934 года тэатр гастраліраваў па розных гарадах. У 1933 годзе яго выступленні ў Мінску прайшлі з вялікім поспехам. Спектакль "Ягор Булычоў" па п'есе М.Горкага (з Кумельскім у галоўнай ролі) выклікаў захапленне гледачоў і крытыкі. У той перыяд у рэпертуары тэатра пераважала савецкая драматургія: "Чапаеў" па Фурманаву, "Гібель эскадры" Карнейчука, "Узнятая цаліна" па Шолахаву. Асаблівую ўвагу прыцягвала драматургія Горкага.

Спектакль "Пане Каханку", 2010 год

З 1935 па 1941 гады пасля заканчэння тэатральнага сезона Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР працаваў у будынку Гарадскога тэатра ў Магілёве.

У 1939 годзе заўчасна памёр Уладзімір Кумельскі і мастацкім кіраўніком стаў Дзмітрый Арлоў. Ён правёў рэарганізацыю, і калектыў тэатра папоўніўся выпускнікамі Ленінградскага і Маскоўскага тэатральных вучылішчаў. Са старога складу засталася толькі невялікая група вядучых акцёраў. Вялікая Айчынная вайна часова спыніла творчае жыццё абноўленага калектыву, але нягледзячы на ваенныя падзеі летам 1943 года тэатр быў адноўлены ў Маскве як франтавы. Яшчэ не зняўшы бушлатаў і шынялёў, акцёры рэпеціравалі, рыхтуючыся да сустрэчы з гледачом у толькі што вызваленых ад фашысцкай акупацыі раёнах Беларусі. У 1944 годзе тэатр вярнуўся ў вызвалены Магілёў, а затым асталяваўся ў Гродне. Сярод пастановак першых пасляваенных гадоў: "Дванаццатая ноч" У.Шэкспіра, "Тры сястры" А.Чэхава, "Цар Фёдар Іаанавіч" А.Талстога. Высокая ацэнка спектакляў на гастролях у Вільнюсе і Мінску ўзняла пытанне аб пераводзе тэатра на пастаянную работу ў сталіцу. У 1947 годзе Рускі тэатр пачаў выступаць на сцэне Акруговага Дома афіцэраў, а вясной 1949 года справіў наваселле ў адноўленым будынку на вуліцы Валадарскага, 5, дзе працуе і цяпер.

У 1955 годзе тэатру было прысвоена імя Максіма Горкага, у 1994 за высокія дасягненні ў галіне сцэнічнага мастацтва Дзяржаўнаму драматычнаму тэатру імя Максіма Горкага быў прысвоены статус "Акадэмічны", а ў 1999 - "Нацыянальны".

Спектакль "Вяселле Крачынскага", 2011 год

Рэпертуар тэатра папаўняўся п'есамі беларускіх, савецкіх і замежных драматургаў. З 1974 года галоўным рэжысёрам з'яўляўся Барыс Луцэнка. Серыя спектакляў, пастаўленых ім, прынесла тэатру сапраўдную славу і заслужаны поспех не толькі ў Савецкім Саюзе, але і за яе межамі. Падзеяй тэатральнага жыцця краіны сталі яго праграмныя спектаклі "Макбет" У.Шэкспіра, "Трохграшовая опера" Б.Брэхта, "Трагедыя чалавека" І.Мадача. Тэатр набыў сваё асаблівае аблічча. Павышаная цікавасць да маральна-этычных аспектаў, асэнсаванне сутнасці чалавечага быцця, барацьба дабра і зла даследаваліся ў спектаклях "Пайсці і не вярнуцца" паводле В.Быкава, "Вяртанне ў Хатынь" паводле А.Адамовіча, "Апошняя інстанцыя" М.Матукоўскага і іншыя . У залаты фонд тэатра ўвайшла пастаноўка "Аптымістычнай трагедыі" У.Вішнеўскага.

У 1981 годзе ў тэатры была адкрыта малая сцэна. У гэты перыяд ішлі спектаклі камернага гучання: "На Залатым возеры" Э.Томпсана, "Вячэра" Ж.К.Брысвіля. Асаблівую ацэнку заслужыў спектакль "Перпетум мобіле, ці Вечар яўрэйскіх анекдотаў" Луцэнкі.

З 1996 года ў тэатры працуе рэжысёр-пастаноўшчык Валянціна Еранькова, якая паставіла такія спектаклі, як "Таямніцы чароўнага гарышча" А.Еранькова, "Тата, тата, бедны тата, ты не вылезеш са шкапа, ты павешаны нашай мамай паміж сукенкай і піжамай" А.Копіта, "Успаміны" М.Рошчына, "Жаніхі" М.Гогаля і іншыя.

Спектаклем "Жаніхі" адкрыўся фестываль "Белая Вежа - 2009"

У 2008 годзе галоўным рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага быў назначаны Сяргей Кавальчык. Да прыходу ў тэатр Кавальчык паспеў набыць багаты творчы багаж. Спектаклі ў яго пастаноўцы неаднаразова станавіліся ўладальнікамі гран-пры многіх міжнародных тэатральных фестываляў. Яму ўдалося захаваць і прыўнесці ў тэатр новае творчае дыханне. Яго творчы пошук з энтузіязмам падтрымалі акцёры розных пакаленняў, але асабліва - моладзь тэатра. Спектакль "Бег" паводле аднайменнай п'есы М.Булгакава стаў падзеяй у культурным жыцці Беларусі, быў высока ацэнены крытыкай і тэатральнай грамадскасцю і атрымаў дыплом на Міжнародным тэатральным фестывалі "Панарама" ў 2009 годзе.

Спектакль "Бег", 2009 год

Са студзеня 2013 года Сяргей Кавальчык - мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага. 28 жніўня 2017 года яму было прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь".

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага прайшоў шлях ад вандроўнай трупы, іграючай п'есы Шэкспіра і Горкага ў пажарным дэпо, да вядомага ў Еўропе тэатра. Гісторыю і славу Рускага тэатра стваралі знакамітыя рэжысёры: Уладзімір Кумельскі, Дзмітрый Арлоў, Сяргей Уладычанскі, Васіль Фёдараў, Вера Рэдліх, Міхаіл Співак, Уладзімір Маланкін, Барыс Луцэнка, Валерый Маслюк, а таксама выдатныя акцёры: Аляксандра Клімава, Яўген Карнавухаў, Алімпіяда Шах-Парон, Аляксандр Кістаў, Яўген Палосін, Ганна Абуховіч, Ільза Лакштанава, Юрый Ступакоў, Юрый Сідараў і іншыя. З 1957 года і да канца свайго жыцця служыў у тэатры народны артыст Беларусі і СССР Расціслаў Янкоўскі.

Расціслаў Янкоўскі на рэпетыцыі ў тэатры імя М.Горкага, 2010 год

Цяпер у склад трупы тэатра ўваходзіць плеяда выдатных акцёраў, сярод якіх народныя артысты Беларусі: Вольга Клебановіч, Аляксандр Ткачонак; заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь: Людміла Былінская, Эдуард Гарачы, Андрэй Душачкін, Аксана Лясная, Ганна Маланкіна, Аляксандр Суцкавер, Сяргей Чэкерэс, Руслан Чарнецкі; заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Аляксандр Брухацкі.

Рэпертуар тэатра сёння налічвае 25 спектакляў - пастаноўкі беларускай, рускай і сусветнай класікі, сучасных замежных і айчынных аўтараў, а таксама спектаклі для дзяцей.

У час мерапрыемства да Дня работнікаў культуры ў тэатры імя М.Горкага, 2022 год

У лістападзе бягучага года ў тэатры пачаліся рэпетыцыі спектакля "Ідыёт" паводле рамана Фёдара Дастаеўскага ў пастаноўцы сербскай актрысы і рэжысёра Іваны Жыган. Прэм'ера спектакля запланавана на люты 2023 года.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага 30 лістапада адзначае свой 90-гадовы юбілей паказам знакамітай рок-оперы "Граф Монтэ-Крыста" паводле рамана Аляксандра Дзюма ў пастаноўцы мастацкага кіраўніка тэатра Сяргея Кавальчыка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі