Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 чэрвеня 2021, 11:23

Да 110-годдзя з дня нараджэння кампазітара Дзмітрыя Лукаса (дасье БЕЛТА)

16 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У бягучым годзе спаўняецца 110 гадоў ў дня нараджэння беларускага кампазітара, педагога Дзмітрыя Лукаса.

Дзмітрый Аляксандравіч Лукас нарадзіўся 16 чэрвеня 1911 года ў літоўскім горадзе Швенчоніс у сям'і чыгуначніка. Па сямейнай традыцыі скончыў школу паравозных машыністаў, Гомельскі тэхнікум пуцей зносін. Працаваў слесарам, машыністам паравоза, выкладчыкам механікі, тэхналогіі металаў і іншых спецыяльных тэхнічных дысцыплін. Разам з тым вялікае месца ў жыцці юнака займала музыка. Яшчэ ў школьныя гады ён пачаў наведваць гурткі мастацкай самадзейнасці, іграў на розных музычных інструментах, спяваў.

Любоў да музыкі прывяла яго ў Гомельскую музычную школу, пасля заканчэння якой ён прадоўжыў заняткі на вакальным аддзяленні музычнага вучылішча. З таго часу ўсё яго жыццё і дзейнасць былі непарыўна звязаны з музычным мастацтвам. З другога курса ён пачаў сумяшчаць спевы з заняткамі на гісторыка-тэарэтычным аддзяленні.

У 1936 годзе Дзмітрый Лукас паступіў у клас кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе займаўся спачатку ў Мікалая Аладава, а затым у Васіля Залатарова. Першыя самастойныя творы Лукаса вызначаліся сталасцю і арыгінальнасцю, і гэта дало магчымасць маладому аўтару стаць у 1937 годзе членам Саюза кампазітараў СССР.

У Вялікую Айчынную вайну ён знаходзіўся ў дзеючай арміі на Сталінградскім фронце. Працаваў мастацкім кіраўніком воінскага ансамбля песні і танца. На фронце ў Лукаса нарадзілася думка стварыць гістарычную беларускую оперу.

Пасля вайны Дзмітрый Лукас працаваў начальнікам музычнага аддзела Дэпартамента мастацтваў БССР, старшым рэдактарам Белдзяржвыдавецтва, быў галоўным рэдактарам музычнага вяшчання, а затым мастацкім кіраўніком Беларускага радыё. З 1965 года Дзмітрый Аляксандравіч Лукас выкладаў у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Горкага, кіраваў вакальнай кафедрай.

У творчасці Дзмітрыя Лукаса прадстаўлены амаль усе музычныя жанры - ад опер, сімфоній, інструментальных і вакальных цыклаў да хароў, рамансаў і песень.

Самы інтэнсіўны перыяд творчасці кампазітара прыпадае на пасляваенныя гады. Ён напісаў такія значныя творы, як оперы "Кастусь Каліноўскі", "Песня пра шчасце", "Дачка партызана", творы для сімфанічнага, народнага, духавога аркестраў, камерна-інструментальныя творы, мноства рамансаў, апрацовак народных песень і песень самадзейных кампазітараў, а таксама музыка да кінафільмаў і спектакляў. Ён аўтар музыкі да драматычных спектакляў "Ноч у верасні", "Канстанцін Заслонаў", "Пінская шляхта" і іншых. Творам Дзмітрыя Лукаса ўласцівы яркая меладычнасць, напеўнасць і тонкі лірызм.

Яго опера "Кастусь Каліноўскі" з'яўляецца першым у беларускай музыцы творам на гісторыка-рэвалюцыйны сюжэт. У ёй ярка прадстаўлены цэнтральны герой твора. Яго вакальная партыя, блізкая па характары да лірыка-эпічных песень беларускага народа, змяшчае ў сабе шэраг арый, маналог і баладу. Усе сольныя эпізоды партыі Каліноўскага былі папулярнымі нумарамі канцэртных праграм беларускіх спевакоў. Прэм'ера оперы "Кастусь Каліноўскі" адбылася 8 лістапада 1947 года на сцэне Беларускага тэатра оперы і балета і прайшла з вялікім поспехам.

У 1959 годзе Лукас напісаў "Сімфонію". У гэтым творы найбольш ярка праявіўся меладычны талент кампазітара, уменне поўна выкарыстоўваць маляўнічае багацце аркестравай палітры, веданне выканальніцкіх магчымасцей кожнай з аркестравых груп.

Разнастайнасцю поліфанічных прыёмаў, напеўнасцю, лаканічнасцю формы вызначаецца канцэрціна для голасу з сімфанічным аркестрам. Але найбольш актыўна і паспяхова Дзмітрый Лукас працаваў у галіне вакальных жанраў. Ён складаў хары, рамансы, песні для дуэта, трыа, квартэта, масавыя песні.

Яскрава праявіў свой талент Дзмітрый Лукас там, дзе панавала пеўчая муза. Гэта хары "Узнялося сонца яснае" на словы Адама Русака, "У садочку май" Максіма Танка, "У цёмным лесе гаманіла" (словы народныя), а таксама рамансы "Як у лесе расцвіталі" на словы Янкі Купалы, "Хай кажуць мне" Міхася Машары і іншыя.

Да 300-годдзя ўз'яднання Украіны з Расіяй Дзмітрый Аляксандравіч напісаў цыкл рамансаў "Мелодыі" на словы Лесі Украінкі. Лірыка-элегічны па сваім настроі і характары музыкі цыкл прысвечаны пачуццям, марам і перажыванням жанчыны. Музыка рамансаў глыбока кранае слухача тым, што кампазітар здолеў пранікнуць у душэўны свет аўтара тэкстаў - палымянага патрыёта, поўнага светлых мар і думак пра шчасце свайго народа, права кожнага чалавека на радасць, любоў і свабоду.

Багаццем меладычнай і гарманічнай мовы, метрарытмічнай разнастайнасцю вызначаецца вакальна-фартэпіянны цыкл "Поры года". Ён складаецца з 19 рамансаў на вершы Э.Агняцвет і чатырох прэлюдый для фартэпіяна. Змест цыкла не абмяжоўваецца толькі замалёўкамі прыроды. У ім адлюстраваны характэрныя з'явы рэчаіснасці, гераічная праца народа, яго рашучасць адстойваць справу міру.

Лукас прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Саюза кампазітараў Беларусі, увесь час аказваў дапамогу аматарскім мастацкім калектывам, кансультаваў самадзейных кампазітараў. За плённую творчую і грамадскую дзейнасць Дзмітрый Лукас узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны", а ў 1955 годзе яму было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

Памёр таленавіты кампазітар у 1979 годзе.

Лепшыя творы Дзмітрыя Аляксандравіча Лукаса і ў наш час зачароўваюць сваёй меладычнасцю і народнасцю. Яго музыка глыбока кранае слухача, хвалюе яго душэўны свет.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі