Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 мая 2018, 15:35

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Гісторыя аднаго музея ў матэрыялах БЕЛТА

18 мая адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. У Беларусі працуе больш за 150 розных музеяў, і аб кожным з іх БЕЛТА расказвала не адзін раз. Адкрыццё, юбілей, рэканструкцыя, пераезд у новы будынак, папаўненне фондаў, экспанаты і экспазіцыі - усё гэта нязменна становіцца інфармацыйнай падставай для паведамленняў навін і фотарэпартажаў.

Гісторыю археалагічнага музея "Бярэсце" - адзінага ў Еўропе музея сярэдневяковага ўсходнеславянскага горада - БЕЛТА адсочвае з часу раскопак, якія праводзіліся з 1969 па 1981 год на месцы старажытнага Бярэсця. Вучоныя пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Лысенкі знайшлі тут драўляныя пабудовы XI-XIII стагоддзяў. Музей адкрыўся ў 1982 годзе на Шпітальным востраве Брэсцкай крэпасці.

У 1970 годзе карэспандэнты БЕЛТА пісалі: "На старажытным Берасцейскім гарадзішчы пачаліся работы па кансервацыі драўляных пабудоў. Іх вядзе група спецыялістаў Беларускага тэхналагічнага інстытута. Драўніна апрацоўваецца спецыяльнымі смоламі і іншымі матэрыяламі, што дасць магчымасць захаваць рэшткі жылых і гаспадарчых пабудоў ад разбурэння.

Старажытнае Бярэсце, што згадваецца ў Лаўрэнцьеўскім і Іпацьеўскім летапісах, знайшла экспедыцыя Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР на Валынскім умацаванні Брэсцкай крэпасці, каля ўпадзення левага рукава Мухаўца ў Заходні Буг.

Археолагі ў пяціметровым раскопе знайшлі некалькі слаёў з мноствам рэшткаў жылых і гаспадарчых пабудоў, якія належаць да XIII-XV стагоддзяў. Мяркуецца, што тут жылі бяднейшыя рамеснікі. Асабліва вялікую навуковую каштоўнасць уяўляе зруб XIII стагоддзя, што падняўся на дванаццаць вянкоў.

У культурным слаі сабраны розныя прадметы штодзённага ўжытку, гаспадарчыя прылады, жаночыя ўпрыгажэнні, вырабы са шкуры. Сярод знаходак - рэшткі бандарнага посуду, точаныя чашы і міскі, верацёны, лапаты, розныя цягі, грабяні з самшыту і мясцовых парод дрэва, каменная ліцейная форма рамесніка-ювеліра для адліўкі ўпрыгажэнняў з бронзы. У раскопе захавалася шмат сялянскіх прылад: жалезны сашнік, каса і шмат іншага.

Старажытнае гарадзішча, размешчанае побач з мемарыяльным комплексам "Брэсцкая крэпасць-герой", будзе захавана навекі. У далейшым тут плануецца стварыць музей старажытнага Бярэсця".

(Паведамленне БЕЛТА ў газеце "Советская Белоруссия" 1 кастрычніка)

Рашэнне аб стварэнні "Бярэсця" Савет Міністраў БССР прыняў 18 студзеня 1972 года. Сёння на стэндах, падыумах і вітрынах 14 залаў музея дэманструюцца археалагічныя знаходкі XI-XIV стагоддзяў, якія расказваюць аб эканамічным, культурным жыцці старажытнага горада, распаўсюджванні рамёстваў і развіцці гандлёвых адносін, прадстаўлены планіроўка і забудова старажытнага горада, рамёствы, гісторыя даследавання Бярэсця.

Галоўнай славутасцю музейнай экспазіцыі тут з'яўляецца археалагічны раскоп плошчай на адну тысячу квадратных метраў. Тут даследчыкі знайшлі звыш 40 тыс. розных старажытных знаходак, больш за 200 жылых і гаспадарчых пабудоў старажытнага гарадзішча. Усе гэтыя экспанаты добра захаваліся, былі апрацаваны спецыяльным растворам і цяпер знаходзяцца пад шкляным купалам.

"У доўгай сукенцы, аздобленай серабрыстымі медальёнамі, з уплеценымі ў прычоску кольцамі, бірузовым вітым бранзалетам на запясці павольна ішла па драўлянай маставой умацаванага паселішча маладая жанчына... Такімі ўяўляюць гісторыкі-краязнаўцы адзенне і ўбранне берасцейскіх гараджанак XI-XIII стагоддзяў. Правільнасць іх пункту гледжання пацвярджае калекцыя - выстаўка старажытных жаночых упрыгажэнняў, разгорнутая ў археалагічным музеі "Бярэсце"...

Багатая калекцыя шкляных бранзалетаў. У XI стагоддзі ўсходнеславянскія модніцы аддавалі перавагу бранзалетам блакітных, сініх і чорных тонаў, XII-XIII - зялёных і карычневых. Гэтыя знаходкі далі магчымасць устанавіць гандлёвыя сувязі берасцейцаў з Кіевам, дзе знаходзіліся самыя вялікія майстэрні па вырабе шкляных упрыгажэнняў.

Разнастайныя прадметы - засцежкі ад кніг, пісалы і навошчаная дошчачка для пісьма, касцяная пласцінка для змешвання фарбаў, унікальны самшытавы грэбень-азбука з літарамі кірыліцы - сведчаць аб высокай культуры і развітым мастацкім гусце насельнікаў".

(Паведамленне БЕЛТА ў газеце "Знамя юности" 28 лістапада 1982 года)

"Гісторыю развіцця рамяства старажытных палескіх металургаў аднавілі беларускія археолагі.

У экспазіцыі музея "Бярэсце", што на мысе паўвострава ў міжрэччы Мухаўца і Заходняга Буга, яны прадставілі вялікую калекцыю, якая сведчыць, што на тэрыторыі старажытнарускага паселішча жылі ўмелыя майстры. Аказалася, мясцовыя кавалі яшчэ ў XI-XIII стагоддзях валодалі многімі сакрэтамі апрацоўкі жалеза, умелі яго загартоўваць, адпускаць, зварваць са сталлю.

У экспазіцыі сотні знаходак - сякеры, косы, рыбалоўныя кручкі, замкі, ключы, нажніцы. Некаторыя з іх і цяпер можна пускаць у ход - выраблены яны вельмі трывала і надзейна".

(Паведамленне БЕЛТА ў газеце "Советская Белоруссия" снежань 1985 года)

"У 2007 годзе доктар гістарычных навук, прафесар, з чыім імем звязана адкрыццё дзяцінца старажытнага Бярэсця, Пётр Лысенка паведаміў, што праведзеныя ў 2006 годзе раскопкі на тэрыторыі цэнтральнага вострава Брэсцкай крэпасці, даюць магчымасць меркаваць аб тым, што старажытнаму Бярэсцю папярэднічала неўмацаванае сельскае паселішча гадоў на 30-50 старэйшае, чым знойдзены дзяцінец старажытнага горада. Сярод знойдзеных прадметаў асабліва каштоўныя - глінабітная печ, якая добра захавалася, чарапкі керамічнага посуду, якія належаць да апошняй трэці X стагоддзя. Паводле слоў Пятра Лысенкі, зямля Брэсцкай крэпасці захоўвае яшчэ шмат археалагічных каштоўнасцей, што належаць да старажытнага паселішча, якія маглі б прыадкрыць новыя старонкі гісторыі".

(Інфармацыйная стужка БЕЛТА 10 мая 2007 года)

"Археалагічны музей "Бярэсце" з 24 кастрычніка 2017 года аднавіў работу пасля завяршэння першай чаргі капітальнага рамонту. Рамонт праводзіўся з чэрвеня па кастрычнік. Вітражы фасадаў былі заменены на аднакамерныя шклопакеты, мадэрнізаваны поручні вакол археалагічнага раскопу, падрыхтаваны залы для далейшай рээкспазіцыі.

У 2018-2019 гадах плануецца правесці другую чаргу капітальнага рамонту. Асноўную ўвагу спецыялісты ўдзеляць сістэме вентыляцыі. Паралельна з будаўніцтвам будзе стварацца новая экспазіцыя "Бярэсця". Абнаўленне археалагічнага музея вядзецца згодна з распараджэннем Прэзідэнта "Аб падрыхтоўцы да святкавання 1000-годдзя Брэста" і завершыцца ў 2019 годзе, калі абласны цэнтр будзе адзначаць свой юбілей".

(Інфармацыйная стужка БЕЛТА 27 кастрычніка 2017 года).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі