Сцяг Нядзеля, 26 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 студзеня 2024, 17:40

Чым жыве раён сёння? У Ваўкавыскім музеі імя П.І. Баграціёна адкрылі новую экспазіцыю

Фота volkovysk.museum.by
Фота volkovysk.museum.by
11 студзеня, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Новая пастаянная экспазіцыя "Беларусь: канец ХХ - пачатак ХХI стагоддзя" адкрылася ў Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеі імя П.І. Баграціёна", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Прадстаўлены асноўныя вехі на шляху развіцця, які прайшла за гэты перыяд наша краіна, асобная частка экспазіцыі адлюстроўвае навейшую гісторыю Ваўкавыскага раёна.

"Работу над стварэннем новай экспазіцыі мы вялі на працягу паўгода, - расказаў дырэктар музея Ягор Гіз. - Экспазіцыя складаецца з трох раздзелаў. Першы паказвае працэс станаўлення суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Другі - ахоплівае перыяд з 1994 года, калі ў краіне адбыліся першыя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у якіх атрымаў перамогу Аляксандр Лукашэнка, да гэтага часу. Ён уключае дакументы, фатаграфіі, газетныя публікацыі, што расказваюць пра важнейшыя падзеі і рашэнні, прынятыя ў беларускай дзяржаве ў інтарэсах народа, пра развіццё беларускай прамысловасці і сельскай гаспадаркі, будаўніцтва і перааснашчэнне ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, спартыўных аб'ектаў, змяненне аблічча нашых гарадоў і вёсак. Трэцяя частка прысвечана гісторыі Ваўкавыскага раёна з 2004 года да сённяшняга дня. Гэта расказ аб тым, як развіваліся горад і раён і чым гараджане жывуць сёння, аб перадавых працаўніках, дзеячах культуры, вядомых спартсменах. Асобнае месца займаюць экспанаты, прысвечаныя рэспубліканскаму фестывалю "Дажынкі-2004", які праходзіў у раённым цэнтры, а таксама святкаванню 1000-годдзя Ваўкавыска".

У новай экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з фондаў музея (а яны налічваюць больш за 60 тыс. адзінак), а таксама прадметы, якія прынеслі ў дар жыхары горада і раёна. Сярод найбольш значных - пасведчанні і фатаграфіі ўдзельнікаў першага Усебеларускага народнага сходу: ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які шмат гадоў узначальваў Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей, Аляксея Пятровіча Чарныша і ўдзельніка ВАВ, які працаваў старшынёй раённага Савета ветэранаў, Івана Міхайлавіча Булатава, значок удзельніка першага Усебеларускага народнага сходу, афіша-даведнік па Ваўкавыску для гасцей  рэспубліканскага фестывалю "Дажынкі-2004", паштоўкі, выпушчаныя да гэтага свята, сімвалічны хрустальны ключ з гравіроўкай, зроблены да адкрыцця музея.

"Спадзяёмся, што новая экспазіцыя будзе садзейнічаць павышэнню грамадскай цікавасці да нашага музея і выхаванню пачуцця патрыятызму ў падрастаючага пакалення, - адзначыў Ягор Гіз. - Яна будзе расці і папаўняцца разам з развіццём нашай краіны і роднай ваўкавыскай зямлі".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі