12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Доме прэсы сёння прадставілі выставу чатырох мастачак - Ілоны Касабука, Кацярыны Сумаравай, Марты Шматавай, Улады Белавусавай-Кірэенка, якая складаецца з 18 карцін, што будуць дэманстравацца па 15 сакавіка, перадае карэспандэнт БЕЛТА з прэзентацыі экспазіцыі.
"Для цікавых незвычайных карцін такіх розных мастачак характэрна проціпастаўленне жанраў, стыляў і сваё ўспрыманне свету, што дае магчымасць паказаць жанчыну-творцу ў выяўленчым мастацтве з розных бакоў і разбурыць пэўныя стэрэатыпы. Нядзіўна, што нашым мастачкам удасца дастойна прадстаўляць краіну і ў Еўропе, і на Усходзе", - адзначыў намеснік старшыні па арганізацыйных і творчых пытаннях Беларускага саюза мастакоў Леанід Хобатаў.
Паводле яго слоў, у Беларускім саюзе мастакоў сёння вялікая колькасць жанчын, якія стымулююць з'яўленне новых канцэптуальных прынцыпаў, кропак адліку, павышаюць і абнаўляюць стылістыку - дабаўляюць прагрэсу мастацтву.
Гэта экспазіцыя - прэамбула да наступнага вялікага выставачнага праекта саюза мастакоў. Выстава жывапісу "Лабірынт" адкрыецца 29 сакавіка ў Палацы мастацтва. "Мы спадзяёмся, што карціны, прадстаўленыя ў Доме прэсы, зацікавяць усіх, хто іх убачыць, і людзі захочуць прыйсці ў нашу вялікую залу", - анансаваў Леанід Хобатаў.
Акрамя таго, на прэс-канферэнцыі Улада Белавусава-Кірэенка азнаёміла з праектам "Бабіна лета", які пройдзе ў бягучым годзе і раскажа аб творчасці вядомых мастачак старэйшага пакалення, чый шлях у прафесію быў няпростым і доўгім, тым не менш яны змаглі знайсці сябе і рэалізавацца.-0-