Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 красавіка 2021, 10:06

Чарнобыльскую трагедыю вачамі пісьменнікаў і фатографаў можна ўбачыць на выставе ў Мінску

27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Часовая літаратурна-дакументальная экспазіцыя "Чарнобыль - 35..." адкрылася 26 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выстава прысвечана 35-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС і 85-годдзю з дня нараджэння празаіка, публіцыста, які быў кіраўніком Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза "Чарнобыль" Васіля Якавенкі.

26 красавіка 1986 года здарыўся ўзрыў на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Вынікі гэтай аварыі сталі катастрафічнымі для нашай краіны. Балюча адгукнуўся Чарнобыль у сэрцы і лёсе кожнага беларуса. "Гэты дзень увайшоў у гісторыю Беларусі і ўсяго чалавецтва як адна з самых трагічных старонак ХХ стагоддзя. Асабліва балючым гэты дзень стаў для тых, хто нарадзіўся ў чарнобыльскай зоне, у каго малая радзіма апынулася за калючым дротам", - адзначыла куратар выставы загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Вольга Гулева.

На Чарнобыль сваімі радкамі адгукнуліся многія творцы, рукапісы некаторых з іх прадстаўлены на выставе. "Іван Шамякін, Максім Танк, Пімен Панчанка, Алесь Адамовіч, Барыс Сачанка, Янка Сіпакоў, Мікола Мятліцкі, Алесь Пісьмянкоў, Яўгенія Янішчыц, Ніна Аксёнчык, Анатоль Зэкаў, Васіль Жуковіч, Васіль Якавенка - гэта далёка не поўны спіс таленавітых людзей, якія паклалі свае разважанні на паперу і стварылі мастацкія творы, напісалі паэтычныя радкі, што не даюць забыць Чарнобыль і нагадваюць аб гэтай жудаснай старонцы нашай гісторыі", - падкрэсліла куратар.

"Я быў сведкам жывой чарнобыльскай раны. У Беларускім дзіцячым фондзе мы кінуліся перш за ўсё ратаваць дзяцей і паехалі па выселеных вёсках. Да гэтага часу не магу забыць забітыя вокны, адчыненыя дзверы. Памятаю: на дубе вісяць арэлі, а побач - дзіцячы чаравік. Схапілі, напэўна, дзіця з адным чаравіком і паехалі... Такіх "малюнкаў" у мяне ў душы і памяці вельмі шмат", - падзяліўся пісьменнік Уладзімір Ліпскі.

Праз якія б выпрабаванні ні праходзіла Беларусь, яна выжывала, яна адраджалася, уставала з попелу і развівалася далей. Шмат у чым дзякуючы неабыякавым людзям, да якіх можна аднесці і Васіля Якавенку. Яго хвалявалі пытанні экалогіі. Стараннямі гэтага чалавека ў 1988 годзе быў адменены праект асушэння поймы Прыпяці, які пагражаў Беларусі пустыняй. Гэта дало пачатак новай нацыянальнай палітыкі ў меліярацыі. Васіль Якавенка заснаваў сацыяльна-экалагічную газету "Набат" (у ёй раскрываліся наступствы чарнобыльскай катастрофы), а потым Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль", які садзейнічаў аздараўленню дзяцей за мяжой.

Наведвальнікі выставы могуць убачыць кнігу "След чорнага ветру", у якую ўвайшлі лепшыя сачыненні беларускіх школьнікаў. Яна апісвае Чарнобыль вачамі дзяцей, якія ўсё гэта перажылі. Кніга выйшла ў свет дзякуючы Беларускаму сацыяльна-экалагічнаму саюзу "Чарнобыль". Ён вельмі часта бываў у Чарнобыльскай зоне, шмат гадоў прысвяціў таму, каб пра Беларусь ведалі. Ён стукаў ва ўсе дзверы, каб хоць чымсьці дапамагчы свайму народу, пацярпеламу ад радыяцыйнай катастрофы.

У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, фатаграфіі, рукапісы, артыкулы, кнігі, якія захоўваюцца ў архіве Васіля Якавенкі ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі