Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 сакавіка 2023, 11:02

Чарнавікі "Вайны і міру" і неапублікаваныя матэрыялы пра Талстога прадстаўлены на выставе ў Мінску

6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Часовая экспазіцыя "Талстой і Беларусь" дзейнічае ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

Гэта экспазіцыя - сумесны праект Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і Дзяржаўнага музея Л.М.Талстога ў Маскве. Выстава прысвечана сувязі знакамітага пісьменніка, 195-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца ў 2023 годзе, з нашай краінай, а таксама ўплыў яго творчасці на беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя.

На старонках рамана "Вайна і мір", над якім аўтар працаваў сем гадоў, шмат расказваецца пра беларускія гарады і вёскі, дзе змагаліся героі Талстога. На выставе прадстаўлены ілюстрацыі да знакамітага рамана, гістарычныя гравюры і рэпрадукцыі, на якіх адлюстраваны апісаныя ў творы баі, якія адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі (пераход цераз Нёман, бой пад Салтанаўкай, бітва на Бярэзіне). Таксама можна паглядзець на чарнавыя рукапісы рамана.

Уплыў Льва Талстога, яго псіхалагічныя назіранні за паводзінамі чалавека на вайне прасочваюцца ў творчасці Максіма Гарэцкага, Івана Мележа, Янкі Брыля, Васіля Быкава і іншых беларускіх пісьменнікаў.

На выставе можна азнаёміцца з матэрыяламі, якія расказваюць пра ваенны вопыт самога Льва Талстога.

У адным з раздзелаў экспазіцыі прадстаўлены пераклады кніг Льва Талстога на беларускую мову з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Сярод іх - "Севастопальскія апавяданні" для дзяцей, раман "Уваскрэсенне" і аповесці "Хаджы-Мурат", "Каўказскі нявольнік".

Выстава змяшчае цікавыя неапублікаваныя архіўныя матэрыялы, прадстаўленыя Дзяржаўным музеем Л.М.Талстога, матэрыялы са збораў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Экспазіцыя будзе цікава вучоным, даследчыкам, музейным супрацоўнікам, выкладчыкам і студэнтам філалагічных факультэтаў, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй літаратуры. Яна будзе дзейнічаць па 26 мая па адрасе: Мінск, вуліца М.Багдановіча, 13.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі