
5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Асабістыя дакументы, рэчы, партрэты і фатаграфіі кіраўнікоў партызанскага руху прадставілі на часовай экспазіцыі "Партызанскія кіраўнікі Беларусі" ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтым годзе спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Панцеляймона Панамарэнкі, Пятра Калініна, Ільі Кожара, Емяльяна Барыкіна і 110 гадоў з дня нараджэння Барыса Булата. Усе яны былі лідарамі партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З чатырох першых юбіляраў тры нарадзіліся ў жніўні, таму і выставу мы адкрылі ў жніўні", - расказала загадчыца аддзела гісторыі партызанскага руху музея гісторыі ВАВ куратар выставы Наталля Яцкевіч.
У экспазіцыі дэманструюцца партрэты герояў, плакаты з інфармацыяй пра іх, фатаграфіі і дакументы, якія расказваюць пра жыццё і дзейнасць партызанскіх кіраўнікоў да, у час і пасля вайны. "Усе экспанаты - з фондаў нашага музея. З асабістых рэчаў лідараў партызанскага руху прадстаўляем такія ўнікальныя экспанаты, як бумажнік, партсігар, палявую сумку, граматы, дэпутацкія білеты, рэмень, кашулю і нават сігнальны пісталет", - адзначыла Наталля Яцкевіч.
Экспанаты выставы таксама расказваюць пра ўзел кіраўнікоў партызанскага руху ў аднаўленні народнай гаспадаркі і грамадска-палітычнага жыцця краіны.
Работа часовай экспазіцыі "Партызанскія кіраўнікі Беларусі" прадоўжыцца да 5 верасня.-0-