Сцяг Субота, 27 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лютага 2022, 10:29

Брэсцкія лялечнікі рыхтуюць спектакль аб прыгодах Тома Соера

9 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім тэатры лялек пачалі работу над спектаклем аб прыгодах Тома Соера, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар БТЛ Тамара Паўлюковіч.

Канцэпцыю спектакля, якую адобрыў мастацкі савет тэатра, прадставіла рэжысёр Аліса Ярмак, яна ж і аўтар інсцэніроўкі. Мастаком-пастаноўшчыкам выступіла Вольга Мельнік-Малахава. Гэта не першая сумесная работа творчага тандэма. У цэхах тэатра пачалі ўжо работу над дэкарацыямі і касцюмамі для пастаноўкі.

"Фрагмент спектакля быў паказаны ў эксперыментальным выглядзе, калі ў нас праходзіла першая рэжысёрская лабараторыя. Рэжысёр выбрала найбольш яркія, на яе погляд, эпізоды з кнігі Марка Твэна. Думаю, гэта будзе пастаноўка для ўзроставай катэгорыі 5+. Ставіцца задача паказаць маленькім гледачам, як звычайныя рэчы, якія нас акружаюць, ператвараюцца ў лялькі. У гэтым ключы мастак і рэжысёр працуюць", - расказала Тамара Паўлюковіч.

Паралельна ў тэатры ідзе работа над пастаноўкай "Дзікія лебедзі" паводле казкі Ханса Крысціяна Андэрсена. Ідэю спектакля прапанаваў рэжысёр Дзмітрый Нуянзін, мастаком-пастаноўшчыкам выступіў Уладзімір Ткачэнка. Гэтай работай брэсцкія лялечнікі плануюць адкрываць новы тэатральны сезон. Пакуль жа ў БТЛ аднавілі адзін з самых яркіх сваіх спектакляў - "Фро", увёўшы ў яго новых акцёраў.

"Таксама думаем над беларускамоўнай пастаноўкай, магчыма, паводле матываў беларускіх казак. Хочам папоўніць ёю наш рэпертуар. У планах і пастаноўка пераможцы першай рэжысёрскай лабараторыі Ганны Якаўлевай паводле кнігі Леанарда да Вінчы "Пра навуку і мастацтва". Гэта будзе монаспектакль, шукаем магчымасці для рэалізацыі гэтай ідэі", - дадала дырэктар тэатра.

У бліжэйшых планах БТЛ - абменныя гастролі з Віцебскім тэатрам "Лялька", якія давялося адкласці з-за хваробы акцёраў, і Гродзенскім абласным тэатрам лялек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі