Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 сакавіка 2023, 10:47

Брэсцкі і Беларускі дзяржаўны тэатры лялек абмяняюцца гастролямі

7 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі і Беларускі дзяржаўны тэатры лялек абмяняюцца гастролямі 16-18 сакавіка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па інфармацыі і арганізацыі гледача БТЛ Наталля Антанюк.

Сталічныя артысты вязуць у Брэст адну з самых нашумелых сваіх пастановак - камедыю "Пансіён Belvedere" італьянскага рэжысёра Матэа Сп'яцы. Галоўныя героі спектакля - жыхары дома састарэлых. Яны праводзяць дні згодна з раскладам, аднак гэта не перашкаджае ім раз-пораз трапляць у розныя камічныя і трагічныя сітуацыі. Пастаноўка прымушае задумацца аб нашым жыцці, дзе да апошняга дыхання ёсць месца марам і любові. Вячэрнія паказы на сцэне Брэсцкага тэатра лялек адбудуцца 16 і 17 сакавіка.

Раніцай і днём 18 сакавіка ўвазе юных гледачоў будзе прапанаваны спектакль "У краіне нявывучаных урокаў". Жанр пастаноўкі абазначаны як казачнае здарэнне. Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр - лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Ігар Казакоў, добра вядомы брэсцкаму гледачу па шэрагу пастановак як у лялечным, так і драмтэатры.

У гэтыя ж дні на сталічнай сцэне будуць іграць брэсцкія лялечнікі. У Мінск яны вязуць камедыю "Манерніцы" паводле п'есы Мальера. Спектакль шэсць гадоў таму на сцэне Брэсцкага тэатра лялек паставіў вядомы творчы тандэм - лаўрэаты Нацыянальнай тэатральнай прэміі - заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі рэжысёр Аляксей Ляляўскі і мастак Таццяна Нерсісян. Таксама брастаўчане пакажуць адну з апошніх сваіх работ - спектакль "Шчаўкунок" паводле матываў казкі Гофмана ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра БТЛ Дзяніса Казачука.

"Мы штогод плануем абменныя гастролі з тэатрамі лялек рэспублікі. У мінулым годзе такія адбыліся з гродзенскім тэатрам. З мінскім тэатрам мы ўжо даўно не абменьваліся гастролямі. Была папярэдняя дамоўленасць на гэты год - на нашу агульную радасць, усё склалася. Таксама ў кастрычніку мы плануем абмяняцца гастролямі з Магілёўскім абласным тэатрам лялек", - расказала Наталля Антанюк.

Што датычыцца бліжэйшых творчых планаў БТЛ, то цяпер там для самых маленькіх гледачоў рыхтуюць пастаноўку "Церамок". Яе прэм'ера адбудзецца 10 сакавіка. Акрамя таго, галоўны рэжысёр тэатра Дзяніс Казачук пачаў работу над спектаклем "Вішнёвы сад". На суд гледача яго плануюць прадставіць у ліпені - у час святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 60-годдзю Брэсцкага тэатра лялек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі