Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 лютага 2021, 15:41

Брэсцкі гарвыканкам заснаваў прэміі лепшым удзельнікам конкурсу піяністаў імя Рыхтэра

3 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі гарвыканкам заснаваў грашовыя прэміі пераможцам і прызёрам IV Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Святаслава Рыхтэра. Аб гэтым паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела культуры гарвыканкама Святлана Сямашка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У залежнасці ад узроставай групы лепшыя канкурсанты атрымаюць ад 20 да 40 базавых велічынь (з 1 студзеня 1 БВ - Br29). У конкурсе могуць удзельнічаць піяністы ўстаноў адукацыі Беларусі і замежных краін ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў. Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 27 лютага.

Конкурс маладых піяністаў, які стаў ужо традыцыйным, пройдзе з 13 па 19 сакавіка. Асноўныя мерапрыемствы і конкурсныя праслухоўванні пройдуць у музычным каледжы імя Р.Шырмы. Свята завершыцца вялікім канцэртам у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы ў дзень нараджэння Святаслава Рыхтэра 20 сакавіка.

"Гэта не проста і не толькі конкурс, але і вялікая колькасць разнастайных мерапрыемстваў, у тым ліку канцэртаў, майстар-класаў, розных сустрэч. Мы чакаем як прадстаўнікоў Беларусі, так і замежных краін. З улікам эпідэміялагічнай сітуацыі будуць захаваны неабходныя меры бяспекі", - адзначыла Святлана Сямашка.

Музычныя спаборніцтвы пройдуць у два туры. Конкурс пачнецца з выканання ўдзельнікамі поліфаніі - складаных твораў шматгалоснай музыкі Баха, Гендэля або Шастаковіча. Затым яны павінны будуць сыргаць першую частку класічнай санаты аднаго з заходнееўрапейскіх кампазітараў - Бетховена, Гайдна, Моцарта. "Саната - складаны твор з трох частак (экспазіцыі, распрацоўкі, рэпрызы). Музыкант павінен паказаць не толькі свае тэхнічныя магчымасці, але і эрудыцыю, глыбіню, псіхалагізм", - растлумачыла ідэйны натхняльнік конкурсу заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Лілія Батырава.

Першы тур завершыць віртуозны эцюд - на выбар твор Скрабіна, Шапэна, Рахманінава. У другім туры ўдзельнікі павінны будуць выканаць шматслойны твор свабоднай формы (баладу, рапсодыю), а таксама любое сачыненне класічнай музыкі беларускіх кампазітараў.

Ацэньваць узровень майстэрства маладых піяністаў будзе прафесійнае журы пад старшынствам загадчыка кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі дацэнта Уладзіміра Дулава.

Міжнародны конкурс піяністаў імя Святаслава Рыхтэра праходзіць раз у два гады. Мерапрыемства праводзіцца для ўвекавечвання памяці вялікага піяніста XX стагоддзя, які не аднойчы бываў і выступаў у Брэсце, павышэння ўзроўню прафесійнага выканальніцкага майстэрства маладых піяністаў, папулярызацыі творчасці сусветных класікаў і беларускіх кампазітараў, розных выканальніцкіх школ. Арганізатарамі выступаюць Брэсцкі гарвыканкам, абласное музычнае таварыства, Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Р.Шырмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі