Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 сакавіка 2022, 10:42

Брэсцкі дзень на "М.@rt.кантакце": БАТД і Палескі драмтэатр выступяць у Магілёве

23 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. На Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме "М.@rt.Кантакт" сёння брэсцкі дзень - у асноўную праграму форуму ўвайшлі дзве пастаноўкі тэатральных калектываў з Брэсцкай вобласці, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У 17.00 на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра лялек Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прадставіць адну з апошніх сваіх работ - монаспекталь на траіх "Дзень Б.". Спектакль паводле п'есы "Дзень Падзякі" маладога піцерскага драматурга Дар'і Крывашэевай, якая піша пад творчым псеўданімам Даша Чэ, паставіў малады брэсцкі рэжысёр Дзяніс Фёдараў. У монадраме заняты тры актрысы БАТД - Ганна Стасюк, Таццяна Строк і Ала Омесь, якія на тры галасы расказваюць гісторыю адной гераіні.

"Гэта будзе 15-ы паказ спектакля. Мы ўпершыню яго паказваем на другой сцэне і таму крыху хвалюемся. А наогул, вядома, артысты засумавалі па гастролях, фестывалях. Цяпер іх мала праводзіцца з-за кавідных абмежаванняў, таму з радасцю і натхненнем прынялі запрашэнне на магілёўскі форум", - падзяліўся Дзяніс Фёдараў.

У 19.00 эстафету ў брастаўчан прыме Палескі драматычны тэатр. На асноўнай сцэне Магілёўскага абласнога драмтэатра пінчане пакажуць спектакль-хорар у двух дзеяннях па матывах аповесці М.В. Гогаля "Вій". Пастаноўка была двойчы адзначана на VI Рэспубліканскім конкурсе тэатральнага мастацтва. "Вій" прызнаны лепшым спектаклем тэатра драмы для малой сцэны. Таксама Нацыянальную тэатральную прэмію атрымаў рэжысёр і мастак-пастаноўшчык спектакля Павел Марыніч за перамогу ў намінацыі "Лепшая работа мастака ў спектаклі тэатра драмы".

"Спектакль карыстаецца поспехам у гледачоў. Мы яго ўжо сыгралі больш за сорак разоў, у тым ліку паказвалі на VII Міжнародным тэатральным фестывалі "Смаленскі каўчэг". У магілёўскім форуме ўдзельнічаем упершыню, таму адчуванні новыя, прыемныя. З нецярпеннем чакаем сустрэчы з гледачамі. Спадзяюся, усе чаканні апраўдаюцца", - сказаў дырэктар тэатра Аляксандр Лукашэнка.

XV Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М.@rt.кантакт" праходзіць у Магілёве з 21 па 27 сакавіка. У асноўнай праграме форуму прадстаўлены 14 спектакляў тэатральных калектываў з Беларусі, Арменіі, Малдовы і Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі