Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 верасня 2019, 11:49

Брэсцкі драмтэатр адкрыў сезон прэм'ерай спектакля "Мяшчанскае вяселле"

20 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы (БАТД) 76-ы сезон пачаўся з прэм'еры спектакля "Мяшчанскае вяселле" паводле п'есы нямецкага драматурга Бертольда Брэхта, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Прыемна, што новы сезон адкрываецца менавіта прэм'ерай. Гэта сумеснае тварэнне з запрошаным рэжысёрам Ігарам Казаковым, намінантам і лаўрэатам розных тэатральных прэмій. Думаю, спектакль атрымаўся вельмі цікавым, дынамічным", - выказаў меркаванне генеральны дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Вячаслаў Гарбузаў.

Гледачы становяцца сведкамі вясельнага застолля. Сюжэт так закручваецца, што вельмі хутка манерная цырымонія ператвараецца ў развязную вечарынку. Урачыстае мерапрыемства намалявана ў наўмысна гратэскнай манеры з элементамі клаўнады. Праз гэту насмешку відаць няшчырасць галоўных герояў, страх быць самімі сабой. Лёгкая камедыя глядзіцца на адным дыханні, але прымушае задумацца пра глыбокія рэчы: сямейныя каштоўнасці, традыцыі.

"Нездарма Брэхт узяў за аснову п'есы такі свяшчэнны рытуал, як вяселле. Мы ж яго апашляем, не разумеючы да канца ўсёй сутнасці. На стыку нашага жадання адпавядаць нечаму і атрымліваецца гэта камедыя. Яе парадокс - у недарэчнасці таго, што адбываецца, за чым назіраеш з горкай усмешкай", - адзначыў рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Ігар Казакоў. Ён дадаў, што ён з задавальненнем працаваў з брэсцкімі артыстамі. "Яны з вялікім энтузіязмам узяліся за гэты матэрыял, хоць рашэнне мы прапанавалі даволі складанае. Тут трэба трымаць жанр: гратэск нялёгкі для выканання, шалёны тэмп спектакля, шмат трукаў. Я назваў бы гэту работу вялікай авантурай. Мне здаецца, артысты з усім справіліся", - лічыць ён.

Да канца сезона брастаўчане абяцаюць парадаваць публіку яшчэ некалькімі прэм'ерамі. Так, галоўны рэжысёр БАТД Цімафей Ільеўскі працуе над пастаноўкай "Абломаў". Магчыма, гэты спектакль прадставяць у пачатку лістапада. Крыху пазней адбудзецца прэм'ерны паказ "Асенняй гісторыі" паводле п'есы італьянца Нікалаі Альда, пастаноўкай якой займаецца мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Козак. У снежні трупа парадуе сваіх маленькіх гледачоў навагодняй казкай "Чароўная сіла".

У кастрычніку пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі