Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 лютага 2023, 09:27

Брэсцкі абласны краязнаўчы музей падрыхтаваў выставу "Заўсёды на варце"

22 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі 23 лютага адкрыюць выставу "Заўсёды на варце", якая прымеркавана да Дня Абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ніна Кірылава.

Для выставы адабраны больш за 130 прадметаў. Наведвальнікі змогуць убачыць арыгіналы з розных фондавых калекцый музея. Асноўны акцэнт зроблены на абмундзіраванні і рыштунку ўзброеных сіл у часы Савецкага Саюза і суверэннай Беларусі. Будуць прадстаўлены ваенная форма і асабістыя рэчы ваеннаслужачых, ураджэнцаў Брэсцкай вобласці, якія праславіліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане, а таксама першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата. Будуць экспанавацца галаўныя ўборы, пагоны, шаўроны розных родаў войскаў. Дапоўняць выставу дакументы і фатаграфіі, плакаты, віншавальныя паштоўкі розных гадоў, кнігі, медалі і жэтоны, сувеніры.

"Прадметы каштоўныя, якіх няма ў пастаяннай экспазіцыі. Іх можна ўбачыць толькі на выставах, - звярнула ўвагу Ніна Кірылава. - У экспазіцыі можна ўбачыць асабістыя рэчы абаронцаў Айчыны і нашых землякоў, якія праславілі сябе і наш край". Азнаёміцца з выставай можна будзе да 31 сакавіка.

Дарэчы, у Брэсце Дзень абаронцаў Айчыны будуць адзначаць два дні. Так, 22 лютага Брэсцкі гарадскі духавы аркестр у в/ч 11921 выступіць з канцэртам "У жыцці тысячы дарог". У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы адбудзецца афіцэрскі баль. 23 лютага ў Брэсцкай крэпасці ўскладуць кветкі да Вечнага агню. Потым стартуе аўтапрабег. Яго маршрут пройдзе па пр. Машэрава, вул. Маскоўскай, пр. Рэспублікі, вуліцах Кастрычніцкай рэвалюцыі, 28 ліпеня і Суворава. Фінішуе калона ў мікрараёне Паўднёвы. Таксама з 10 да 16 гадзін на пляцоўцы каля лёгкаатлетычнага манежа можна будзе наведаць выставу ваеннай тэхнікі і ўзбраення.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі