8 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі абласны краязнаўчы музей арганізуе серыю выстаў да свайго 70-годдзя, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ніна Кірылава.
Першую экспазіцыю ў юбілейным годзе прысвецяць праекту "12 артэфактаў", які быў прымеркаваны да тысячагоддзя Брэста. На працягу 2019-га выстаўляліся найбольш рэдкія экспанаты з фондаў краязнаўчага музея, кожны з іх дэманстраваўся ўсяго тыдзень. У падагульняючай выставе будуць сабраны ўсе 12 рэліквій. Убачыць іх можна будзе з сярэдзіны студзеня да канца сакавіка.
У музейшчыкаў ёсць таксама задумка па слядах этнаграфічных экспедыцый арганізаваць выставу прадметаў, звязаных з побытам і гаспадарчай дзейнасцю, традыцыямі і абрадамі жыхароў Брэсцкай вобласці. Мяркуецца, што асноўная частка экспанатаў будзе з ХХ стагоддзя - разнастайныя прылады працы, кераміка, адзенне, цацкі, прадметы народнай творчасці. Дэманстрацыя музейных калекцый намечана на ліпень-верасень.
У планах на канец 2020 года - маштабная выстава найбольш каштоўных экспанатаў, сабраных у фонды музея за 70 гадоў. "Плануем паказаць вельмі рэдкія экспанаты (некаторыя будуць прадстаўлены шырокай публіцы ўпершыню), хочам расказаць наведвальнікам і пра наш калектыў, - адзначыла Ніна Кірылава. - У цэлым серыяй выстаў хочам паказаць багацце калекцый музея і гісторыі Брэсцкай вобласці. Прапрацоўваем і іншыя мерапрыемствы".
Брэсцкі абласны краязнаўчы музей - адзін з найстарэйшых у рэгіёне. Ён створаны ў 1950 годзе, першая экспазіцыя адкрылася 22 чэрвеня 1957 года. У яго асноўным фондзе налічваецца больш за 175 тыс. прадметаў з 23 калекцый, яшчэ больш за 56 тыс. - у фондзе навукова-дапаможных матэрыялаў.-0-