Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 лютага 2019, 14:38

Бондар: тэатры пераадолелі крызіс даверу гледача ў тым ліку дзякуючы новым рэжысёрам

18 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэатрам удалося пераадолець крызіс даверу гледача, у тым ліку дзякуючы новай хвалі беларускіх рэжысёраў, адзначыў міністр культуры Юрый Бондар на калегіі ведамства па выніках работы ў 2018 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нам удалося пераадолець крызіс даверу гледача да тэатра. У параўнанні з мінулым годам колькасць паказаў спектакляў у 2018 годзе вырасла больш як на 300 паказаў, а колькасць гледачоў - на 66 тыс. чалавек. За гэтым стаяць важныя якасныя змены ў развіцці айчыннага тэатра, - сказаў Юрый Бондар. - Бо, якім бы парадаксальным гэта ні здавалася ў век інфармацыйных тэхналогій, у сучаснай Беларусі менавіта тэатр бярэ на сябе грамадзянска-выхаваўчыя функцыі".

У лідарах, каму гледачы аддалі перавагу, у 2018 годзе былі Купалаўскі тэатр і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, якія, паводле слоў міністра, не баяцца адысці ад забаўляльнага жанру і звярнуцца да беларускай гісторыі, культуры і злабадзённых грамадскіх праблем. На тэатральных падмостках з'явіліся такія вострасацыяльныя сатырычныя спектаклі, як "Рэвізор" Мікалая Пінігіна або "Мудрамер" Аляксандра Гарцуева, якія імгненна знайшлі водгук у публікі.

Акрамя таго, на тэатральных падмостках з'явіліся беларускія рэжысёры новай хвалі, якія лідзіравалі ў фінале пятай Нацыянальнай тэатральнай прэміі, гэта сведчыць аб тым, што беларускі тэатр паступова выходзіць з застойнага стану.

"У тэатры ідзе паступовы працэс змены творчых пакаленняў, нараўне з класічным тэатрам развіваюцца і атрымліваюць грамадскае прызнанне наватарскія тэндэнцыі. Мы пашырым падтрымку тэатральнай моладзі. Конкурс рэжысёрскіх эксплікацый, дзякуючы якому ўбачылі свет спектаклі "Радзіва "Прудок" Рамана Падалякі, "Музыка вуліц" Карыны Рыбак і "Ураджай" Дзмітрыя Цішко, будзе прадоўжаны з прыцягненнем да ўдзелу ў ім тэатраў усіх форм уласнасці", - расказаў міністр культуры.

У планах ведамства - рэфармаваць Нацыянальную тэатральную прэмію, галоўная задача якой у тым, каб улоўліваць і развіваць лепшыя, прагрэсіўныя тэндэнцыі, адкрываць новыя імёны, вызначаць арыенціры развіцця тэатра на перспектыву.

Міністр падкрэсліў, што сур'ёзныя змены чакаюць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета ў 2019 годзе. "Стаўка на моладзь, нацыянальны рэпертуар і беларускія кадры з'яўляецца краевугольным каменем у канцэпцыі яго развіцця, прапанаванай мастацкім кіраўніком тэатра Валянцінам Елізар'евым. Сцэна галоўнага тэатра краіны прызначана стаць месцам, дзе змогуць праявіць сябе лепшыя творчыя сілы Беларусі", - анансаваў Юрый Бондар.

Праблема рэпертуарнага планавання з'яўляецца актуальнай для многіх рэспубліканскіх і рэгіянальных тэатраў Беларусі. У кастрычніку-лістападзе мінулага года быў праведзены аналіз эфектыўнасці работы тэатральна-відовішчных арганізацый рэспублікі, які выявіў адсутнасць у асобных тэатрах выразнага рэпертуарнага планавання на сярэднетэрміновую перспектыву. У выніку ў сярэдзіне тэатральнага сезона былі выпушчаны новыя пастаноўкі, малавядомыя гледачу і маючыя невысокую наведвальнасць і акупнасць. Міністр прапанаваў прадоўжыць у 2019 годзе практыку правядзення вочнай абароны планаў новых пастановак тэатраў іх кіраўнікамі. "Неабходна не проста асвойваць бюджэтныя сродкі, але і расходаваць іх максімальна эфектыўна, атрымліваючы важкі творчы і фінансавы рэзультат", - дадаў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі