17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дні культуры Туркменістана ў Беларусі - агульны ўклад ва ўмацаванне дружбы паміж дзвюма краінамі, заявіў міністр культуры Юрый Бондар на ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр культуры нагадаў, што на працягу апошніх гадоў развіццё беларуска-туркменістанскіх адносін актывізавалася ва ўсіх сферах. У аснове гэтай пазітыўнай дынамікі - сапраўды дружалюбныя адносіны паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў Аляксандрам Лукашэнкам і Гурбангулы Бердымухамедавым.
"Культура, як вядома, лепш за ўсё садзейнічае наладжванню і ўмацаванню сувязей паміж людзьмі і народамі, ствараючы спрыяльную глебу для развіцця ўсіх відаў супрацоўніцтва. Нездарма ў палітычнай практыцы ўсё часцей выкарыстоўваецца тэрмін культурнай дыпламатыі, - адзначыў Юрый Бондар. - Няма сумненняў у тым, што Дні культуры Туркменістана, якія цяпер праходзяць у Беларусі, стануць яшчэ адной яркай старонкай у летапісе духоўнага ўзаемаўзбагачэння нацыяльных культур і нашым агульным укладам ва ўмацаванне дружбы паміж дзюма краінамі". Ён пажадаў туркменістанскай дэлегацыі прыемнага знаходжання на беларускай зямлі.
У Белдзяржфілармоніі праходзіць канцэрт майстроў мастацтваў Туркменістана, а ў фае экспануецца выстава народнага прыкладнога мастацтва. У экспазіцыі прадстаўлены музейныя каштоўнасці з Дзяржаўнага музея Дзяржаўнага культурнага цэнтра Туркменістана, а таксама габелены і ювелірныя вырабы Туркменскай дзяржаўнай мастацкай школы пры дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Туркменістана.
Дні культуры Туркменістана 18 кастрычніка прадоўжацца ў Магілёве, куды накіроўваецца дэлегацыя работнікаў культуры і мастацтва, творчых дзеячаў, прадстаўнікоў СМІ.-0-