Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 студзеня 2023, 17:10

Больш за дзесяць выставачных праектаў сумесна з расійскімі музеямі запланавалі ў Брэсцкай крэпасці

11 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" плануюць рэалізаваць у 2023 годзе больш за дзесяць сумесных з расійскімі музеямі выставачных праектаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара комплексу Алена Міцюкова.

Ужо ў студзені ў Музеі абароны будзе экспанавацца фотадакументальная выстава з фондаў мемарыяльнага Музея абароны і блакады Ленінграда, прысвечаная 80-годдзю прарыву блакады і пракладзенай па лёдзе Ладажскага возера "Дарозе жыцця".

На люты ў мемарыяльным комплексе сумесна з Цэнтральным музеем Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў - Музеем Перамогі рыхтуюць мультымедыйную выставу да 80-годдзя разгрому нямецка-фашысцкіх войскаў пад Сталінградам. На ёй, у прыватнасці, будуць прадстаўлены матэрыялы аб ваеннаслужачых Брэсцкага гарнізона - удзельніках Сталінградскай бітвы.

Адразу некалькі сумесных выставачных праектаў плануюцца з Калінінградскім гісторыка-мастацкім музеем. Так, у красавіку ў Брэсцкай крэпасці будзе экспанавацца выстава "Баявым узнагароджваецца ордэнам" аб удзельніках Кёнігсбергскай аперацыі, прадстаўленых да ордэна Аляксандра Неўскага. А ў маі будзе арганізавана сумесная мастацка-дакументальная выстава "Дыпламатыя Перамогі" аб міжнародных адносінах у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.

У красавіку ў рамках сумеснага з "Раскосмасам" праекта ў мемарыяльным комплексе будуць экспанавацца дзіцячыя малюнкі, якія пабывалі ў космасе. А выставачны праект "Брэсцкая крэпасць. Дарогамі памяці" адправіцца ў Новы Урэнгой.

У Саратаўскім дзяржаўным музеі баявой і працоўнай славы пакажуць прадметную выставу "Брэсцкая крэпасць - помнік мужнасці". Акрамя таго супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу падрыхтуюць і прадаставяць музею тры перасовачныя выставы, якія будуць працаваць на яго базе на працягу года.

У чэрвені ў выставачнай зале "Музей вайны - тэрыторыя міру" плануецца экспазіцыя з фондаў Дзяржаўнага музея абароны Масквы, прысвечаная першым дням і месяцам Вялікай Айчыннай вайны. "У Музеі абароны да 22 чэрвеня мы хочам адкрыць выставу "Памяць пакаленняў. Вайна ў творчасці Осма Бародкіна". Гэта выставачны праект з Нацыянальнага музея Рэспублікі Карэлія. У мінулым годзе мы прадстаўлялі там сваю экспазіцыю. Цяпер яны вязуць да нас выставу аб франтавым мастаку, дзе будуць прадстаўлены яго ваенныя замалёўкі", - расказала Алена Міцюкова.

Восенню ў Брэсце плануюць паказаць выставу з фондаў ваенна-гістарычнага музея-запаведніка "Прохараўскае поле". Туды ў сваю чаргу адправіцца выстава "Брэсцкая крэпасць - помнік мужнасці".

Мультымедыйная выстава "Астравы ратнай славы" музейна-мемарыяльнага комплексу "Перамога" ў Южна-Сахалінску раскажа аб заканчэнні Савецка-японскай вайны ў 1945 годзе і падзеях на далёкаўсходнім фронце. Таксама дасягнута дамоўленасць з Усходне-Крымскім гісторыка-культурным музеем-запаведнікам аб арганізацыі сумеснай выставы ў мультымедыйным фармаце, прысвечанай Керчанскай аперацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі