Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 красавіка 2021, 19:54

Больш за 630 заявак паступіла на радыёконкурс "Маладыя таленты Беларусі"

1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы нацыянальны канал Беларускага радыё аб'яўляе пачатак I тура X Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі". Заяўкі ад юных выканаўцаў з усёй краіны ўжо сабраны і падлічаны - іх больш за 630. Тым самым праект паставіў новы рэкорд у гісторыі свайго існавання. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Як адзначае аўтар і кіраўнік праекта Таццяна Якушава, дзясяты конкурс выклікаў небывалы ажыятаж сярод маладых музыкантаў і спевакоў, бо агульная колькасць адпраўленых заявак у гэтым годзе перасягае мінулагодні вынік у паўтара раза, а больш за ўсё анкет традыцыйна сабралі сольныя намінацыі "Эстрадны вакал" і "Інструментальная музыка".

"Лічым, беларускія хлопцы і дзяўчаты ў перыяд вымушаных каранцінных абмежаванняў вельмі засумавалі без профільных конкурсаў, дзе можна не толькі паказаць сваё майстэрства, але і атрымаць кампетэнтны водзыў ад знатакоў мастацтва. Наш праект - з'ява ў пэўным сэнсе ўнікальная для музычнага жыцця краіны, і мы рады, што нават у фармаце дыстанцыйнага праслухоўвання ён штогод павялічвае ахоп і карыстаецца цікавасцю слухачоў. Да таго ж юбілейны конкурс сёлета прапануе пашыраную колькасць намінацый - іх дзевяць па самых розных музычных напрамках, таму, думаю, кожны жадаючы змог знайсці для сябе ідэальную катэгорыю, а ўжо наступнае слова - за экспертным журы", - расказала Таццяна Якушава.

У першыя красавіцкія дні калегія на чале са старшынёй журы, народным артыстам Беларусі Леанідам Захлеўным у студыі Дома радыё прагледзіць відэазапісы выступленняў усіх удзельнікаў (а па ўмовах I тура гэта выкананне вакальнага або інструментальнага твора беларускага аўтара) і да 10 красавіка прыме рашэнне, хто ж з удзельнікаў і калектываў пройдзе ў наступны тур у сваёй катэгорыі.

Сачыць за ходам радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" можна ў эфіры Першага нацыянальнага, на сайце www.radio1.by і ў Telegram-канале "Радио_1", а таксама ў інфармацыйных выпусках Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі.

Праект "Маладыя таленты Беларусі" праводзіцца Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё з 2009 года, і за ўвесь час у ім прынялі ўдзел больш за 2000 маладых музыкантаў. З 2013 года прызёры конкурсу рэгулярна становяцца стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, а па выніках мінулагодняга конкурсу ганаровых стыпендый і прэмій удастоіліся 43 салісты і калектывы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі