
25 сакавіка, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Сёмае абласное свята харэаграфічнага мастацтва імя народнага артыста БССР А.А. Рыбальчанкі пройдзе ў Гомельскай вобласці 2 і 3 красавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным цэнтры народнай творчасці.
Святочнай пляцоўкай у першы дзень стане Светлагорскі цэнтр культуры, у другі - Гарадскі цэнтр культуры ў Гомелі.
На сцэнах сваёй творчасцю парадуюць больш за 40 харэаграфічных калектываў з найменнем "народны" ("узорны") незалежна ад ведамаснай прыналежнасці. Выступаць удзельнікі будуць у намінацыях народна-сцэнічнага і эстраднага танца і сучаснай харэаграфіі.
Уваход свабодны.
У ліку мэт свята - увекавечанне памяці народнага артыста БССР Аляксандра Рыбальчанкі, папулярызацыя і захаванне харэаграфічнай спадчыны, падтрымка творчасці выканаўцаў і балетмайстраў Гомельскай вобласці. Арганізатарамі выступаюць абласны цэнтр народнай творчасці пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.-0-