Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 снежня 2020, 19:59

Больш за 40 аўтарскіх работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі можна ўбачыць на выставе ў Мінску

3 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Мой свет у фарбах" адкрылася 3 снежня ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Праект накіраваны на папулярызацыю творчасці інвалідаў і прыцягненне ўвагі грамадскасці да іх праблем. Наведвальнікі змогуць убачыць больш за 40 работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць установы сацыяльнага абслугоўвання з 11 раёнаў Мінскай вобласці.

Куратарам выставы выступіла начальнік упраўлення дзяржаўнай і сацыяльнай падтрымкі камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Людміла Вашчыла. "Сёння адкрылася пляцоўка сілы, дабра, чалавечнасці. Мы вітаем выдатных мастакоў з бязмежнымі магчымасцямі. Іх карціны - акно ў свет дзіўных, таленавітых, шчырых людзей, якія паказваюць прыклад сілы волі і духу. Кожны з іх уклаў у свае творы эмоцыі, надзеі і мары, адлюстраваў незвычайны погляд на жыццё. Прадстаўленыя творы - толькі кропля ў акіяне магчымасцей мастакоў. І дапамога ў арганізацыі такіх выстаў будзе для іх стымулам да развіцця. Упэўнена, жыхары Мінска і госці сталіцы атрымаюць вялікае задавальненне ад наведвання гэтай экспазіцыі", - адзначыла яна.

Творы 16 аўтараў выкананы ў розных тэхніках: акварэль, алейны i акрылавы жывапіс, гуаш, пастэль, алмазная вышыўка, стрынг-арт. "Гэта неверагодна цікавая выстава, тут столькі радасці, жыццеўстойлівасці, аптымізму. Вядома, для гэтых людзей гэта стартавы этап, але яны ўжо рыхтуюцца стаць майстрамі, укладваюць сваю душу, усе сілы і духоўныя магчымасці ў стварэнне выдатных твораў", - падкрэсліў прарэктар па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Віктар Языковіч.

"У Мінскай вобласці на базе 23 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ёсць 25 аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў, дзе працуюць 57 працоўных майстэрань і больш за 200 розных гурткоў і клубаў розных напрамкаў. У нас няма ўзроставых абмежаванняў, у сярэднім гэта людзі да 45 гадоў", - расказала начальнік аддзела дзяржаўнай падтрымкі сям'і камітэта па працы, занятасці і сацабароне Мінаблвыканкама Зоя Канапліна.

Паводле яе слоў, у такіх цэнтрах людзям дапамагаюць з сацыялізацыяй, асобасным развіццём і вучаць самастойнаму пражыванню. Акрамя таго, дзейнічаюць гурткі па інтарэсах, дзе людзей з асаблівасцямі развіцця далучаюць да творчасці, знаёмяць з рознымі відамі рукадзелля, навучаюць рабоце з разнастайнымі матэрыяламі. Заняткі спрыяюць фарміраванню эмацыянальна-пачуццёвага свету, развіваюць фантазію, уяўленне і творчыя здольнасці. Удзельнікі клубаў могуць паспрабаваць бісерапляценне, вязанне, стварэнне сувенірных вырабаў з саломкі і экалагічных матэрыялаў, дэкупаж, квілінг, праявіць сябе ў выяўленчым і тэатральным мастацтве, музычна-харавым і танцавальна-харэаграфічным напрамках.

Праект арганізаваны камітэтам па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама сумесна з мастацкай галерэяй "Універсітэт культуры" і прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў.

Выстава будзе доўжыцца па 15 снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі