Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 лютага 2022, 16:31

Больш за 20 мерапрыемстваў запланавана да 100-годдзя Міхаіла Савіцкага

15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб мерапрыемствах, якія рыхтуе Мінск да 100-годдзя Міхаіла Савіцкага, расказала падчас выязной прэс-канферэнцыі галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінгарвыканкама Марына Ясюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінгарвыканкама адзначыла, што асоба Савіцкага - гэта з'ява ў культуры і ў гісторыі краіны. Мастак быў удастоены ганаровых узнагарод і званняў: Героя Беларусі, народнага мастака Беларусі, ганаровага грамадзяніна горада Мінска. "Напэўна, самае вялікае прызнанне - гэта мець імянную галерэю пры жыцці. І Міхаіл Савіцкі яе заспеў. Ён сам паказаў на гэты будынак і сказаў: "Я хачу, каб гэта галерэя была тут, у самым цэнтры сталіцы". І гэтыя работы, якія ён паспеў сюды перадаць пры жыцці, з'яўляюцца неацэнным укладам у культуру горада і краіны", - адзначыла Марына Ясюк.

Яна таксама падкрэсліла: "Мы будзем адкрываць творчасць Міхаіла Савіцкага і яго асобу, зацікавім моладзь, каб яна больш цягнулася вывучаць работы мастака. Па залах жа галерэі можна хадзіць шмат разоў. Спачатку ты можаш акунуцца ў той час, у якім жыў мастак. Прайшоўшы ўсе залы, можна паглядзець, як ён рос у сваёй творчасці, пра што думаў. У сваіх апошніх карцінах ён раскрываецца як вялікі філосаф, як чалавек, які глыбока думае пра Радзіму, людзей. У яго работах - вобразы людзей, якія стваралі гісторыю нашай краіны", - расказала галоўны спецыяліст упраўлення культуры.

"Безумоўна, горад робіць многае, каб нашы музейныя пляцоўкі мелі вось такі сучасны выгляд, каб яны маглі дастойна прадставіць карціны выдатных майстроў. Таму ў 2012 годзе вось тут была адкрыта мастацкая галерэя ў структуры Музея гісторыі горада Мінска. Была праведзена вялікая работа супрацоўнікамі музея па захаванні, напаўненні, рэстаўрацыі, і гэта работа прадаўжаецца сёння", - адзначыла Марына Ясюк.

Яна расказала, што да юбілею запланаваны вялікі цыкл мерапрыемстваў, іх больш за 20. Яны будуць цікавыя для ўсіх жыхароў Мінска, гасцей сталіцы і рэспублікі. Акрамя выставачных, будуць мерапрыемствы ў сучасных фарматах. Напрыклад, квесты і пленэры, якія праводзяцца ўжо як саюзам мастакоў, так і ў школах горада. Таксама ідзе абмен з галерэямі, што знаходзяцца на радзіме мастака, запланаваны круглы стол, падчас якога будуць гаварыць пра спадчыну Міхаіла Савіцкага. Таксама плануецца ў рамках праекта "Мастак і горад" вынесці творчасць Савіцкага за дзверы музеяў, каб наблізіць яго да людзей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі