Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 чэрвеня 2022, 09:21

Больш як 400 удзельнікаў збярэ фестываль мастацтваў "Зоры над Пінай"

16 чэрвеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Пінск на тры дні акунуўся ў атмасферу свята - 17-19 чэрвеня тут пройдзе гарадскі фестываль мастацтваў "Зоры над Пінай", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры гарвыканкама Сяргей Матузка.

Брэндавы форум у сталіцы Полесся адрадзілі пяць гадоў таму, пастанавіўшы праводзіць яго з перыядычнасцю раз у два гады. У 2021-м у планы ўмяшаўся кавід, таму цяперашняга фестывалю жыхары і госці горада чакаюць з асаблівым нецярпеннем. Тым больш што праграма яго як ніколі маштабная. Чакаецца, што ў свяце прафесійнай і аматарскай творчасці прымуць удзел больш за 400 чалавек.

Афіша трохдзённага фестывалю ўключае ў сябе мноства мерапрыемстваў - канцэрты творчых калектываў, свята цыркавога мастацтва, фестываль моды, фаер-шоу. Самадзейныя і прафесійныя артысты выступяць у розных жанрах: гэта сучасныя танцы і народныя харавыя спевы, аркестравая музыка і эстрадныя песні. "Зоры над Пінай" дадуць старт фестывалю акадэмічнай арганнай музыкі Ars Magna Organi, які будзе праходзіць на працягу ўсяго летняга сезона ў 12 населеных пунктах Беларусі.

"У гэтым годзе адзначаюць юбілеі тры нашы заслужаныя аматарскія калектывы. Народнаму ансамблю песні і танца "Палескія зоры" спаўняецца 45 гадоў, народнаму ансамблю танца "Пінская шляхта" - 30, а ўзорнаму калектыву эстрадна-спартыўнага танца Darling - 20. З гэтай нагоды артысты падрыхтавалі спецыяльныя праграмы, якія пакажуць гледачам на сваіх юбілейных канцэртах", - расказаў Сяргей Матузка.

Асноўныя падзеі фестывалю разгорнуцца на плошчы Леніна, дзе на працягу трох дзён з 14.00 будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, дзіцячыя атракцыёны, святочны гандлёвы кірмаш і выстава вырабаў майстроў народнай творчасці. Арганны фестываль пройдзе ў кафедральным касцёле. У канцэтнай зале Пінска адкрыеццца выстава жывапісу Віктара Сагановіча "Вясна надзей". Музей Беларускага Палесся арганізуе незвычайную экскурсію ў падзямелле калегіума.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі