Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 жніўня 2018, 14:15

Бібліятэкі Беларусі і Расіі атрымаюць упершыню выдадзеную перапіску Горкага з сям'ёй Багдановіча

15 жніўня, Ніжні Ноўгарад /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Расійская дзяржаўная бібліятэка атрымаюць у свае фонды ўпершыню выдадзеную перапіску Максіма Горкага з сям'ёй Максіма Багдановіча. Аб гэтым паведаміла начальнік дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Маргарыта Леўчанка ў Ніжнім Ноўгарадзе на экспертна-медыйным семінары "Багдановіч і Горкі: саюз, народжаны на берагах Волгі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тое, што дзве сям'і, з якіх выйшлі рускі пісьменнік Максім Горкі і беларускі паэт Максім Багдановіч, тое, што іх лёсы аказаліся пераплецены, паслужыла асновай нашага семінара. Гэта дае магчымасць яшчэ раз падкрэсліць узаемаўплыў і ўзаемапранікненне культур і літаратур двух брацкіх народаў", - сказала Маргарыта Леўчанка.

Прадстаўнік Пастаяннага камітэта нагадала, што 2 красавіка бягучага года расійскі Інстытут сусветнай літаратуры імя М.Горкага перадаў 314 копій пісем з перапіскі бацькі Максіма Багдановіча Адама і Максіма Горкага ў Беларусь. "У гэтым годзе мы запланавалі за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы выдаць матэрыялы перапіскі Багдановіча-старэйшага і Горкага, - расказала яна. - Гэта будзе кніга, прысвечаная іх дружбе, і мы спадзяёмся, што ў кастрычніку мы яе атрымаем. Улічваючы, што ў нас ёсць дагаворы аб супрацоўніцтве з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, мы частку кніг абавязкова перададзім у іх фонды".

Важнасць такога выдання адзначыла і старшы навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай літаратуры Расійскай акадэміі навук Вольга Быстрова. Яна паведаміла, што ў акадэмічным поўным зборы твораў Максіма Горкага, што выдаецца інстытутам, публікуюцца толькі пісьмы пісьменніка, а адказы адрасатаў выкарыстоўваюцца ў якасці каментарыяў. "Таму праект, які сумесна рыхтуюць наш інстытут і беларускі літаратурны музей Багдановіча, важны тым, што мы ўводзім у абарот узаемную перапіску", - падкрэсліла Вольга Быстрова.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі