Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 лістапада 2018, 15:20

Беларускія вучоныя прэзентуюць пяць выданняў пра музыку

28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Музыказнаўцы Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выдалі пяць манаграфій да 90-годдзя НАН. Прэзентацыя адбудзецца 30 лістапада ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Акадэміі навук.

"Кожная кніга раскрывае невядомыя раней старонкі айчыннага музычнага мастацтва ў розных галінах - кампазітарскай творчасці, канцэртнага выканальніцтва, гімнаграфіі, а таксама музычнага фальклору. Кнігі вызначае сапраўды акадэмічная глыбіня раскрыцця тэмы, энцыклапедычнасць ведаў, моцны гісторыка-тэарэтычны базіс. Гэтымі выданнямі музыказнаўцы НАН Беларусі ўнеслі важкі ўклад у беларускую навуку пра музыку", - адзначылі ў прэс-службе.

У манаграфіях раскрываюцца розныя грані харавога жанру, які знаходзіцца ля вытокаў музыкі ў еўрапейскай акадэмічнай традыцыі ("Еўрапейскі харавы канцэрт. Гісторыя. Тэорыя. Практыка"); храмавай богаслужбовай практыкі і гімнаграфіі ("Гімнаграфія праваслаўнага богаслужэння ў беларускай музычнай культуры ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя"); індывідуальнага кампазітарскага стылю, які прадстаўляе парадаксальную логіку мыслення ("Нонсэнс у паэтыцы Віктара Капыцько: "Шэсць Двайных Тэрцэтаў" на вершы Льюіса Кэрала"); спецыфікі выканальніцкай інтэрпрэтацыі музыкі ("Выканальніцкая інтэрпрэтацыя фартэпіяннага твора: беларускі кантэкст"), а таксама нацыянальнага канцэртнага музіцыравання, якое дасягнула ў перыяд дзяржаўнага суверэнітэту новых творчых вяршынь ("Беларускае канцэртна-выканальніцкае мастацтва сучаснасці: 1991-2016").

Усе выданні багата ілюстраваны і змяшчаюць каштоўны крыніцазнаўчы матэрыял. Яны прызначаны для прафесійных музыкантаў, аматараў музыкі, устаноў адукацыі культуры і мастацтва, а таксама для даследчыкаў гуманітарнага профілю.

У прэзентацыі прымуць удзел прадстаўнікі творчых ВНУ і музычныя калектывы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі