
28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тры беларускія работы адзначаны дыпломамі на ХІХ Міжнародным фестывалі праваслаўнага кіно "Пакроў" - 2021 у Кіеве. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве культуры.
Дыпломам удастоена анімацыйнае кіно "Дзідзі" рэжысёра Ірыны Тарасавай. Паводле задумы аўтараў, Дзідзі - фантастычная жывая істота, якая валодае чароўнай здольнасцю прымушаць усё вакол расці, квітнець і зелянець. Яна з'явілася на свет з семечка, выпадкова знойдзенага ў лесе кампаніяй звяркоў. Дзідзі не ведае, хто ён і як туды трапіў. Са сваімі сябрамі-звяркамі ён робіць свае першыя дзіцячыя адкрыцці, а таксама прымушае сяброў па-новаму паглядзець на іх прывычны свет.
Дакументальны фільм "Пачатак" рэжысёра Валерыі Шышовай узнагароджаны дыпломам "За пропаведзь міласэрнасці". Работа адлюстроўвае гісторыі жыцця некаторых братоў падвор'я. Яны расказваюць аб тым, як прыйшлі ў манастыр, і з болем успамінаюць, што было да гэтага моманту.
У намінацыі "За веру, надзею, любоў" адзначаны дакументальны фільм "Гісторыя брата Максіма" рэжысёра Настассі Кобзаравай. Сюжэт расказвае пра брата Максіма, які сем гадоў быў гарадскім бяздомным. На падвор'е яго прывезлі ў інваліднай калясцы. Тут ён стаў на ногі і ажыццявіў сваю даўнюю мару.
Мэта кінафестывалю "Пакроў" - папулярызацыя фільмаў хрысціянскага зместу і ўзнагароджанне лепшых праваслаўных фільмаў спецыяльнымі прызамі. Фестываль заснаваны як штогадовы і праводзіцца напярэдадні або ў час свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы.-0-