Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 лютага 2024, 16:18

Беларускія дызайнеры прымуць удзел у міжнародным конкурсе "Пушкінскі баль"

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дызайнеры прымуць удзел у Міжнародным конкурсе дызайнераў "Пушкінскі баль", прысвечаным 225-годдзю з дня нараджэння Аляксандра Пушкіна, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Конкурс праходзіць пры падтрымцы Прэзідэнцкага фонду культурных ініцыятыў (Расія). Прыняць удзел у конкурсе змогуць дызайнеры ад 14 да 45 гадоў, якія падзяляюць любоў да культурнай спадчыны і творчасці вялікага рускага паэта. Удзельнікаў ад Беларусі будзе вызначаць аргкамітэт Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота "Млын моды" і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

"Конкурс дапаможа акунуцца ў эпоху XIX стагоддзя і сустрэцца з творамі Аляксандра Пушкіна. Яго работы - скарб, які мы ўсе любім і шануем. Вельмі важна помніць пра гэта і ў XXI стагоддзі. Касцюм тут з'яўляецца знакам, які дапаможа паказаць пераасэнсаваныя вобразы літаратурных герояў, паколькі гэта не проста конкурс, а баль, прысвечаны казачным персанажам Пушкіна. Такі баль упершыню адбыўся ў 1899 годзе ў Санкт-Пецярбургу", - расказала прафесар кафедры дызайну касцюма Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта прамысловых тэхналогій і дызайну, мастацкі кіраўнік міжнароднага фестывалю моды, мастацтва і дызайну "Адміралцейская іголка" Любоў Джыкія.

"Першы этап конкурсу будзе складацца з эскізнай часткі. Пасля ўдзельнікі прадставяць свае работы ў намінацыях "Тэатральны касцюм", "Казачны вобраз", "Аксесуары Пушкінскай эпохі", "Фотаплакат", "Эскіз касцюма". У нас ёсць наглядальны савет, у які ўваходзяць такія знакамітыя і ганаровыя прадстаўнікі, як прэзідэнт міжнароднага конкурсу "Адміралцейская іголка" - рэктар СПБДУПТД прафесар Аляксей Дзямідаў, дырэктар Усерасійскага музея А.С.Пушкіна заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Сяргей Някрасаў.

Мы з вялікай радасцю запрасілі ў наглядальны савет і прадстаўніка з Беларусі - дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзею Васільчанка. У экспертны савет/журы запрошаны знакамітыя дызайнеры і прадстаўнікі тыдняў і дамоў моды з Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Італіі, Кітая, Пакістана. У конкурсе - і сярод удзельнікаў, і сярод журы - будзе прадстаўлена шырокая палітра краін", - дадала Любоў Джыкія.

Фінал конкурсу адбудзецца ў пачатку чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі