Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 лютага 2021, 15:50

Беларускі Сож і Ніягарскі вадаспад: пейзажы Віктара Барабанцава прадстаўлены ў Мінску

15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнцкая бібліятэка Беларусі запрашае на выставу работ жывапісца, члена Беларускага саюза мастакоў, выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Віктара Барабанцава. Гэта адно з мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года народнага адзінства, паведамілі БЕЛТА ў бібліятэцы.

У экспазіцыі "Родная Беларусь і краявіды свету" наведвальнікі могуць убачыць пейзажы і натурныя замалёўкі з розных краін. "Першы снег у вёсцы Вязынка, бераг ракі Сож і беларускія яблыні, якія цвітуць, гарманічна суседнічаюць з сонечнай Кантабрыяй, ранішнім Сантандэрам і знакамітым Ніягарскім вадаспадам. Віктар Барабанцаў не дзеліць прыроду нашай планеты на "сваю" і "чужую". Ён імкнецца паказаць, што радзіма для кожнага з нас бывае рознай, аднак уменне аберагаць родную зямлю і любавацца яе прыгажосцю аб'ядноўвае людзей, дапамагае ім лепш зразумець не толькі навакольны іх свет, але і саміх сябе", - адзначылі ў бібліятэцы.

Віктар Барабанцаў аддае перавагу рабоце ў станковым і манументальна-дэкаратыўным жывапісе, прадаўжаючы лепшыя традыцыі рэалістычнай мастацкай школы. У творчасці, пачынаючы з самых ранніх работ, адчуваецца непадробленая цікавасць да радзімы, яе гісторыі і знакавых асоб, чыё жыццё і дзейнасць пакінулі багатую спадчыну на беларускай зямлі. У разнастайным партфоліа мастака можна знайсці скрупулёзна напісаныя партрэты Мікалая Гусоўскага, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і Максіма Багдановіча, рэлігійныя фрэскі і работы на да гэтага часу актуальную вельмі асабістую для мастака чарнобыльскую тэматыку.

Значную частку твораў Віктар Барабанцаў прысвячае маляўнічым мясцінам і зацішным куткам, якія ён сустрэў у час падарожжаў па Беларусі і іншых краінах. "Трапіўшы на яго палатно, прырода набывае асаблівую, цёплую атмасферу. Як і работы ў іншых жанрах, пейзажы і натурныя замалёўкі Віктара Барабанцава вызначаюцца дзіўнай увагай да дэталей, а спакойная колеравая гама стварае непаўторную сувязь паміж творцам і гледачом, якая нябачнай лініяй праходзіць праз кожную работу мастака. Напісаная з любоўю і стараннасцю прырода роднай зямлі пад пэндзлем майстра як быццам жыве сваім уласным жыццём, дыхае на поўныя грудзі і запрашае кожнага жадаючага сустрэць падбадзёрлівыя калядныя маразы, акунуцца ў сагрэтае сонцам возера і паслухаць ціхі шолах бярозавага лісця", - падкрэслілі ў бібліятэцы.

Віктар Барабанцаў нарадзіўся ў 1947 годзе ў Гомелі, скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (цяпер гэта Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Акрамя таго, ён з'яўляецца лаўрэатам прэміі прафсаюзаў Беларусі, прэміі "За духоўнае адраджэнне", уладальнікам медаля імя Францыска Скарыны і нагруднага знака Міністэрства культуры "За ўклад у развіццё культуры Беларусі". Работы мастака знаходзяцца ў дзяржаўных музеях і галерэях Беларусі, а таксама прыватных калекцыях Англіі, Бельгіі, Кіпра, Польшчы, Швецыі, Нідэрландаў, ЗША.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі