Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 сакавіка 2019, 13:05

Беларускі музычны тэатр і Калінінградскі драматычны абмяняюцца гастролямі

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абменныя гастролі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра і Калінінградскага абласнога драматычнага тэатра пройдуць з 15 па 24 сакавіка, паведамілі БЕЛТА ў музычным тэатры.

На сцэне Беларускага музычнага тэатра госці прадставяць 11 папулярных спектакляў па класічных творах і сучасныя камедыі: "Лялькі сіньёра Пігмаліёна", "Піжама на шасцярых", "Адцвілі ўжо даўно хрызантэмы ў садзе", "Два мужы па цане аднаго", "Шыкоўнае вяселле", "Прымадонны", "Майстар і Маргарыта", "Дракула". У праграме таксама тры пастаноўкі для дзяцей і падлеткаў: прэм'ера "Аліса ў краіне цудаў", "Маўглі" і "Лорд Фаўнтлерой" - лаўрэат расійскай нацыянальнай прэміі "Арлекін" у чатырох намінацыях, пастаўлены народным артыстам Расіі Міхаілам Салесам. Усяго ў Мінску запланавана 18 паказаў, у якіх задзейнічана трупа драмтэатра. Са спецыялістамі цэхаў і сцэны прыедзе больш за 60 чалавек.

Калінінградскі абласны драматычны тэатр іграе 72-і сезон. Тэатр быў заснаваны адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны (восенню 1945 года) у заваяваным Кёнігсбергу як Тэатр Чырвонай Арміі. На яго базе ў 1947-м утвораны Калінінградскі абласны драмтэатр. Першая яго трупа складалася ў асноўным з выпускнікоў ДІТМа, курса прафесара Іосіфа Раеўскага, якія прыехалі з Масквы з падрыхтаваным ужо рэпертуарам і дэкарацыямі. Афіцыйна тэатр адкрыўся 6 лістапада прэм'ерай спектакля "Хлопец з нашага горада" паводле п'есы Канстанціна Сіманава. За сем дзесяцігоддзяў у драмтэатры было паказана больш за 500 спектакляў. Дзве глядзельныя залы - на 812 і на 88 месцаў - наведалі амаль 5,5 млн гледачоў.

Па традыцыі каля ста прадстаўнікоў Беларускага музычнага тэатра - артысты-вакалісты, аркестр, хор, балет - паедуць у Калінінград. Калектыў прадставіць 12 лепшых спектакляў, сярод якіх балет "Тытанік", аперэты "Жаніхі", "Вясёлая ўдава", "Містэр Ікс" і "Сільва", шоу-мюзікл "Мэры Попінс", фолк-рок-мюзікл "Трыстан і Ізольда" і інш., а таксама шоу-канцэрт для дзяцей і дарослых "Дзень нараджэння Чырвонай Шапачкі" і мюзікл-фэнтэзі "Тайна пірацкіх скарбаў". Падрыхтаваў тэатр і два вялікія паказы: "Дзіўны свет балета" і "Сусветныя хіты".

Беларускі музычны тэатр створаны ў 1970 годзе. На яго сцэне пастаўлена больш за сто спектакляў, многія з якіх увайшлі ў залаты фонд культуры Беларусі, сталі значнымі падзеямі ў тэатральным жыцці Мінска. У рэпертуары тэатра разнажанравыя пастаноўкі: класічная аперэта, мюзікл, музычная камедыя, рок-опера, балет, спектаклі для дзяцей, канцэртныя праграмы. Творчае крэда тэатра - паважанне традыцый музычнага мастацтва і смеласць эксперымента. Тэатр паспяхова гастралюе па Расіі, Літве, Латвіі, Польшчы, Партугаліі, Іспаніі, Чэхіі, Кітаі, Германіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі