Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 кастрычніка 2018, 10:35

Беларускі і Іванаўскі музычныя тэатры абмяняюцца гастролямі

24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абменныя гастролі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра і Іванаўскага музычнага тэатра пройдуць з 25 кастрычніка па 4 лістапада, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік службы маркетынгу тэатра Вольга Гудожнікава.

У першы дзень гастроляў Іванаўскага тэатра, які, дарэчы, адкрые ў Мінску свой 84-ы тэатральны сезон, беларускі глядач убачыць вялікі гала-канцэрт "Музыка заўсёды з табой". "У праграме прагучаць самыя лепшыя нумары - класіка аперэты і мюзікла. Далей артысты Іванаўскага тэатра пакажуць беларусам свае лепшыя пастаноўкі апошніх гадоў: мюзіклы сучасных кампазітараў, аперэты, якія з'яўляюцца гонарам іванаўскай сцэны, і дзіцячыя паказы, адзначаныя на расійскіх фестывалях "Прывітанне, казка!". Іванаўская трупа прывязе спектаклі, якія рэдка ставяць беларускія тэатры, напрыклад, мюзікл-феерыю "Пунсовыя ветразі" з цудоўнай музыкай Максіма Дунаеўскага, містычны спектакль "Легенда" маладога расійскага кампазітара Дзмітрыя Лазарава, мюзікл "Фанфан-Цюльпан Андрэя Сямёнава. У гастрольнай афішы ёсць і спектакль, які стаіць асобна, - аўтарскі балет-драма Аляксандра Бабурына "Страсці ў стылі танга". Будзе не менш цікавы рэпертуар для маленькіх гледачоў. У дні школьных канікулаў ім пакажуць спектаклі "Той самы кот", "Кацяня па імені Гаў", "Прынцэса на гарошыне", "Маша і мядзведзь" у выкананні лепшых салістаў Іванаўскага музычнага тэатра", - расказала Вольга Гудожнікава.

А ў Іванава паехалі каля ста прадстаўнікоў Беларускага музычнага тэатра: артысты-вакалісты, аркестр, хор, балет, адзначыла субяседніца. Калектыў таксама прадставіць свае самыя лепшыя пастаноўкі і апошнія прэм'еры: фолк-рок-мюзікл "Трыстан і Ізольда" Алана Сімана, савецкую аперэту Ісака Дунаеўскага "Жаніхі", народныя і ўсімі любімыя камедыі Яўгена Пцічкіна "Бабскі бунт", Узеіра Гаджыбекава "Вясельны базар" ("Аршын мал алан"), мюзікл Алега Хадоскі "Шалом Алейхем! Мір вам, людзі!". Падрыхтаваў тэатр і два вялікія канцэрты: "Залаты россып аперэты" і "Мюзікл-гала". Дзецям беларускія артысты пакажуць мюзіклы на музыку вядомых кампазітараў: "Бураціна.by" Аляксея Рыбнікава, "Мэры Попінс" Максіма Дунаеўскага і "Прыгоды брэменскіх музыкантаў" Генадзя Гладкова.

Вольга Гудожнікава падзялілася іншымі гастрольнымі планамі тэатра. Чакаецца, што ў студзені 2019 года ён абмяняецца пляцоўкамі з Тульскім акадэмічным тэатрам драмы. На сакавік запланаваны вялікія абменныя гастролі з Калінінградскім драмтэатрам.

Беларускі музычны тэатр быў створаны ў 1970 годзе. На яго сцэне пастаўлена больш за сто спектакляў, многія з якіх увайшлі ў залаты фонд культуры Беларусі, сталі значнымі падзеямі ў тэатральным жыцці Мінска. У рэпертуары тэатра разнажанравыя пастаноўкі: класічная аперэта, мюзікл, музычная камедыя, рок-опера, балет, спектаклі для дзяцей, канцэртныя праграмы. З 2010 года тэатр паспяхова гастраліруе па Расіі, Літве, Латвіі, Польшчы, Партугаліі, Іспаніі, Чэхіі, Кітаі, Германіі. Цяпер тэатр прадаўжае пашыраць творчыя кантакты з музычнымі тэатрамі краін СНД і Балтыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі