Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 лістапада 2020, 17:19

Беларуская версія песні Арыны Пехцеравай "Пришельцы" будзе прэзентавана на бягучым тыдні

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская версія песні прадстаўніцы Беларусі на дзіцячым конкурсе "Еўрабачанне-2020" Арыны Пехцеравай "Пришельцы" будзе прэзентавана на бягучым тыдні, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прадзюсар юнай выканаўцы Інара Саванец.

"Мы ўчора знялі кліп і спадзяёмся прэзентаваць кампазіцыю на беларускай мове на бягучым тыдні", - расказала Інара Саванец.

Аўтарам песні "Пришельцы" выступіў Данііл Забела. Менавіта ён і прапанаваў зрабіць беларускую версію конкурснай кампазіцыі. На роднай мове яна будзе называцца "Прыхадні".

Конкурсная песня "Пришельцы" гучыць на рускай і англійскай мовах. І вельмі важна, што цяпер яна загучыць на роднай мове. Па-першае, мы хочам прыцягнуць увагу беларускага гледача да конкурсу. Па-другое, вельмі важна прадставіць сваю культуру для замежнага гледача. Беларуская мова - вельмі прыгожая, і гэта адзначаюць многія іншаземцы, - сказала прадзюсар. - Мы прэзентуем кліп у Беларусі, каб у далейшым размясціць яго на афіцыйнай старонцы конкурсу".

У бягучым годзе ў сувязі з пандэміяй каранавіруса Еўрапейскі вяшчальны саюз прыняў беспрэцэдэнтнае рашэнне аб правядзенні дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2020" у новым фармаце - у эфіры будуць гучаць загадзя запісаныя кампазіцыі ўдзельнікаў шоу. Галоўныя прычыны - забеспячэнне бяспекі дзяцей ва ўмовах пандэміі, а таксама немагчымасць прысутнасці дэлегацый у краіне, якая арганізуе конкурс, у сувязі з закрыццём граніц.

Запіс конкурснага выступлення беларускай удзельніцы на песенным форуме зроблены ў студыі "600 метраў" Белтэлерадыёкампаніі. Еўрапейскі вяшчальны саюз распрацаваў дакладны рэгламент здымкі нумароў для ўсіх краін-удзельніц. Згодна з канцэпцыяй, запіс выступлення павінен быць зроблены шасцю камерамі на спецыяльна збудаванай сцэне. Яе форма круглая, дыяметр складае 7 м, вышыня - 60 см. Гэта для таго, каб усе ўдзельнікі знаходзіліся ў роўных умовах, а іх выступленні адпавядалі агульнай канцэпцыі конкурсу. Каманда медыяхолдынга распрацавала графічны кантэнт для нумара. Карцінку абяцаюць "кліпавую, дынамічную і касмічную". Паводле ўмоў шоу, Арына Пехцерава выканала сваю кампазіцыю "Пришельцы" ўжывую. Дарэчы, радкі з песні гледачы змогуць улавіць вачамі нават на касцюме артысткі.

Дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2020" пройдзе 29 лістапада. Прамую трансляцыю ў 19.00 будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". Сёння ўвечары па выніках жараб'ёўкі стане вядомы парадкавы нумар выступлення Арыны Пехцеравай на песенным форуме.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі