Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 кастрычніка 2020, 15:48

"Беларуская энцыклапедыя" выпусціць да канца года кнігу аб жыцці і творчасці Уладзіміра Караткевіча

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да канца года выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" выпусціць кнігі пра жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча, пра мастака Фердынанда Рушчыца, а таксама выданне пра падатковую граматнасць. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам дырэктар прадпрыемства Вольга Ваніна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Падыходзіць да канца работа над вялікім выданнем пра класіка айчыннай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Да лістапада плануецца выхад персанальнай энцыклапедыі. Упершыню будзе апублікавана шмат матэрыялаў пра яго жыццё, біяграфічныя фатаграфіі, звесткі, з кім быў знаёмы пісьменнік. Акрамя таго раскрыюцца пытанні, як творчасць класіка звязана з культурнай сферай нашага жыцця, як яго работы паўплывалі на мастацтва. Напрыклад, для якіх сцэнічных пастановак, песень былі выкарыстаны яго творы, як гэта адлюстравана ў эфіры радыё і тэлебачання", - расказала Вольга Ваніна.

Перададзена ўжо ў друкарню кніга пра жыццё і творчасць вядомага беларускага мастака Фердынанда Рушчыца. Выданне будзе прадстаўлена на трох мовах. Праект рэалізаваны сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі. Аўтар - генеральны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў.

Хутка ўбачыць свет і кніга пра падатковую граматнасць. "Гэта сумесны праект з Міністэрствам па падатках і зборах. У выданні выкарыстоўваюцца наглядныя матэрыялы, звесткі па кожнай тэме структураваны. Акрамя таго, на канкрэтных прыкладах будуць прадстаўлены ілюстрацыі, каб нават тыя, хто зусім не знаёмы з гэтай тэмай, маглі лёгка ўспрымаць інфармацыю і прымяняць яе ў жыцці", - падкрэсліла Вольга Ваніна.

Яна адзначыла, што ў выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" апошнім часам актыўна выходзяць кнігі з дапоўненай рэальнасцю, з выкарыстаннем QR-кодаў. "Гэта пытанне канцэпцыі выдання. У кнігах заўсёды ёсць дадатковы матэрыял, які застаецца за рамкамі менавіта па той прычыне, што пры складанні трэба ўключыць усё самае лепшае. Тэхналогіі прасцей выкарыстоўваць у перавыданнях. На першых этапах узнікае больш пытанняў зместу: што трэба ўключыць, як прадставіць звесткі. Кнігі з электроннымі дадаткамі варта цаніць, а таксама разумець, што за гэтым стаіць вялікая праца, якая амаль не ўключаецца ў кошт", - сказала Вольга Ваніна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі