Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 кастрычніка 2020, 12:49

"Беларуская энцыклапедыя" выпусціла першую кнігу з новага цыкла пра расліны

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" выпусціла першую кнігу з цыкла "Расліны, якія нас прыручылі", паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве.

Кніга беларускага пісьменніка, папулярызатара навуковых ведаў Генадзя Аўласенкі з серыі "Беларуская дзіцячая энцыклапедыя" пачынае цыкл выданняў пад агульнай назвай "Расліны, якія нас прыручылі". Даступна і цікава, пры гэтым з навуковай дакладнасцю аўтар знаёміць з паходжаннем культурных раслін, а таксама іх роляй і значнасцю ў жыцці чалавека.

У выданні сабраны звесткі аб узнікненні і карысці збожжавых і зернебабовых культурных раслін. Чытачы змогуць даведацца, як людзі адкрылі для сябе земляробства і як далёкія продкі са збіральнікаў сталі земляробамі. "Крыху ў жартаўлівай форме аўтар задае сабе і чытачам пытанне: хто ж усё ж такі каго прыручыў - мы ўсе гэтыя культурныя расліны або яны здолелі выкарыстаць нас для сваіх карыслівых мэт? Людзям патрэбна шмат намаганняў, каб вырасціць сельскагаспадарчыя культуры", - расказалі ў выдавецтве.

Галоўныя збожжавыя культуры ў Беларусі - пшаніца, жыта, авёс і ячмень. Таксама сёння ў краіне выкарыстоўваюць кукурузу, рыс, проса, сорга. "Генадзь Аўласенка гаворыць пра радзіму гэтых важных культур і пра тое, як яны з'явіліся і прыжіліся ў нас. Напрыклад, пшаніца, на думку вучоных, была першай культурнай раслінай, і вырошчваць яе людзі пачалі больш як 10 тыс. гадоў таму", - звярнулі ўвагу ў выдавецтве.

Кніга расказвае і пра бабовыя культуры, такія як гарох, фасоля, боб, сачавіца, пра іх радзіму і ўжыванне ў ежу. Выданне змяшчае шмат пазнавальных матэрыялаў і, як запэўніваюць аўтары, выкліча цікавасць у людзей самага рознага ўзросту. У наступных кнігах чытачоў пазнаёмяць з агародніннымі, пладова-ягаднымі і іншымі культурнымі раслінамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі