Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 сакавіка 2021, 11:02

"Беларуская энцыклапедыя" выдала кнігу баек, вершаў і загадак Кандрата Крапівы да юбілею пісьменніка

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніга для дзяцей "Кандрат Крапіва. Вершы, байкі, загадкі" да 125-годдзя з дня нараджэння пісьменніка выйшла ў выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве.

"Кандрат Крапіва пражыў вельмі доўгае і плённае жыццё. Літаратура стала не толькі прафесіяй, але і творчым лёсам. Працаваў ён практычна ва ўсіх жанрах, і ў кожным прыўнёс нешта новае для свайго часу. Яго называюць рэфарматарам байкі, яго проза ярка і таленавіта адлюстроўвае эпоху. П'есы Крапівы стварылі фундамент айчыннай драматургіі", - адзначылі ў выдавецтве.

Акрамя таго, Кандрат Крапіва быў не толькі выдатным пісьменнікам, але і вядомым вучоным, мовазнаўцам. Усё жыццё ён даследаваў беларускую мову, глыбока ведаў яе асаблівасці і вельмі клапаціўся пра развіццё моўнай культуры.

Новая кніга для дзяцей "Кандрат Крапіва. Вершы, байкі, загадкі" - добрая нагода для першага знаёмства з творчасцю беларускага байкапісца. У ёй размешчаны творы, найбольш прывабныя для чытачоў малодшага ўзросту: вершы, байкі і загадкі, якія Кандрат Крапіва напісаў для развіцця мовы школьнікаў. "Дзіцячыя творы ён пісаў не проста для цікавага чытання, а каб дапамагчы маленькім чытачам зразумець багацце і прыгажосць роднай беларускай мовы. У форме цікавых загадак, вершаў і баек у кнізе раскрываюцца значэнні беларускіх слоў-амонімаў. Так маленькі, а часам і дарослы чытач, разгадваючы цікавыя загадкі "дзеда Кандрата", далучаецца да мовазнаўства", - падкрэслілі ў выдавецтве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі