Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 студзеня 2021, 15:50

"Беларуская энцыклапедыя" расказала аб кнігах, выдадзеных у 2020 годзе

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" Вольга Ваніна расказала журналістам аб кнігах, выдадзеных у 2020 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі размова ідзе пра гісторыю дзяржавы, яе культуру, так ці інакш мы абапіраемся на людзей, якія ўнеслі ўклад у развіццё краіны і нацыянальны здабытак. Мы гэту тэматыку заўсёды актыўна падтрымліваем, выдаём шмат кніг, якія паказваюць жыццё і дасягненні выдатных беларусаў", - сказала Вольга Ваніна.

У мінулым годзе папоўніліся навінкамі серыі, прызначаныя для школьнікаў. "У "Асветніках Беларусі" падрабязна і цікава раскрываецца творчасць і дзейнасць духоўных лідараў нацыі. У "Истории для школьников" сабраны лаканічны змест аб розных падзеях розных эпох, у кнігах размешчана шмат малюнкаў, архіўных фотаздымкаў, карцін мастакоў. Усе гэтыя выданні, безумоўна, будуць цікавыя і дарослым", - адзначыла дырэктар выдавецтва.

Увага выдаўцоў таксама была накіравана на стварэнне персанальных энцыклапедый, прысвечаных гістарычным асобам. "У 2020 годзе самым вялікім і складаным праектам стала навукова-папулярная энцыклапедыя пра Уладзіміра Караткевіча. Яна налічвае больш за тысячу артыкулаў, вялікую колькасць ілюстрацый і партрэтаў. Было праведзена шмат лінгвістычных даследаванняў творчасці пісьменніка. Напрыклад, якія словы і вобразы ў сваіх творах ён выкарыстоўваў часцей за ўсё. Удалося таксама звязацца з многімі людзьмі, якія асабіста ведалі аўтара і падзяліліся ўспамінамі", - дапоўніла Вольга Ваніна.

"Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" выдала работу гісторыка і прафесійнага экскурсавода Івана Сацукевіча "Минск: из руин к процветанию". Паводле слоў Вольгі Ванінай, кніга адкрывае горад з зусім нечаканага боку. Адбылася і прэзентацыя альбома "I рай, i боль на Песеннай Зямлi… Беларусь вачыма мастакоў 1920-1930-х гадоў". Выданне выйшла на беларускай і рускай мовах. Чытачы змогуць убачыць графічныя работы з калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, аб'яднаныя тэмай этнаграфіі Беларусі: этнічныя тыпы жыхароў беларускай зямлі, сельскія і гарадскія краявіды, помнікі дойлідства, традыцыйнага народнага мастацтва, рамёстваў.

Паводле слоў дырэктара, чытачам будзе цікавы фотаальбом "Акварелия. Белорусская акварельная живопись". Гэта сучасна аформленае выданне, дзе сабрана звыш 200 твораў 65 вядучых беларускіх акварэлістаў, а таксама багаты даведачны і бібліяграфічны матэрыял. У серыі "Художники земли белорусской" з'явіўся ўнікальны фотаальбом "Земля и небо Фердинанда Рущица" аб жыцці і творчасці выдатнага беларускага графіка, тэатральнага дэкаратара і педагога, яркага прадстаўніка рэалістычнага напрамку ў выяўленчым мастацтве.

Убачылі свет кнігі "Кирилл Мазуров. О чем молчало время…" і "Надежда Грекова. Михаил Малинин. Время помнить" вядомай беларускай пісьменніцы, кандыдата гістарычных навук, лаўрэата нацыянальнай літаратурнай прэміі Наталлі Голубевай. "Я бясконца ўдзячная выдавецтву за тое, што звярнулася да гісторыі XX стагоддзя і непасрэдна да персаналій, з якімі вельмі шанцавала Беларусі. У той перыяд рэспубліка з аграрнай ператварылася ў высокатэхналагічную, з каласальным творчым і кадравым патэнцыялам. Сёння гэта складаны, неадназначны, драматычны, але паспяховы час патрабуе не толькі пераасэнсавання, але і вывучэння таго, што стала асновай для фарміравання новай незалежнай, суверэннай дзяржавы", - сказала Наталля Голубева.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі