Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 чэрвеня 2021, 13:29

"Беларуская энцыклапедыя" перавыдала аповесць Алены Васілевіч "Расці, Ганька"

9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новае выданне аповесці "Расці, Ганька" класіка беларускай дзіцячай літаратуры Алены Васілевіч выйшла ў выдавецтве "Беларуская Энцыклапедыя Петруся Броўкі", паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве.

Упершыню аповесць убачыла свет у 1966 годзе, а пасля шматразова перавыдавалася. Гэта гісторыя пра дзяўчынку Ганьку з маленькай беларускай вёсачкі першай паловы ХХ стагоддзя. "Ганька жыве з маці, без бацькі, церпіць голад і нягоды. З-за хваробы памірае мама, і Ганька застаецца адна. Шмат выпрабаванняў выпадае на долю дзяўчынкі, але з-за гэтага кніга не становіцца ні сумнай, ні цяжкай, паколькі аповесць, перш за ўсё, аб цудоўных людзях, прыгажосці прыроды, здольнасці заставацца чалавекам у няпростых абставінах, аб адкрыцці таямніц свету", - расказалі ў выдавецтве.

"Кніга напоўнена святлом, цеплынёй і дабрынёй. Хіба не гэтага жадае кожны чалавек? Нездарма аповесць мае падзагаловак "Падарожжа ў адну чароўную краіну". Кніга Алены Васілевіч не сумуе на кніжных паліцах, а бесперапынна саграваецца цяплом чытацкіх рук", - адзначылі ў "Беларускай энцыклапедыі".

"Унікальнасць гэтага выдання яшчэ і ў тым, што яно ўпрыгожана ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Калі аповесць рыхтавалі да першага выдання 55 гадоў таму, мастак быў студэнтам і стаў першым яе ілюстратарам. Малюнкі таго часу і выкарыстаны ў афармленні кнігі. "А ў вокладкі ёсць асобная таямнічая гісторыя. Пра яе вы даведаецеся са "Слова пра мастака", якое дапоўніла выданне, напісанае дачкой Васіля Шаранговіча мастацтвазнаўцам Наталляй Шаранговіч", - дадалі ў выдавецтве.

"Акрамя таго, у кнізе кароткая інфармацыя пра Алену Васілевіч. На сёння яна найстарэйшая дзіцячая пісьменніца не толькі Беларусі, але і планеты. Абавязкова прачытайце звесткі - там шмат ключыкаў да разумення культавай аповесці, а таксама характару і лёсу яе гераіні", - падкрэслілі на прадпрыемстве.

У кнігу "Расці, Ганька" ўвайшлі аповесць і некалькі апавяданняў аўтара.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі