ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 3 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -7°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 ліпеня 2022, 16:24

"Беларусьфільм" выпусціць анімацыйны фільм пра Купалу і Коласа да Дня беларускага пісьменства

Фота з архіва
Фота з архіва

20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кінастудыя "Беларусьфільм" выпусціць анімацыйны фільм "Класікі і шахматы" пра Янку Купалу і Якуба Коласа да Дня беларускага пісьменства. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла сцэнарыст і рэжысёр-пастаноўшчык мультфільма Наталля Касцючэнка.

"Наш анімацыйны фільм прысвячаецца юбілейнай даце - 140-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Работа над стужкай пачалася мінулай восенню, ужо завяршаецца, і ў верасні да Дня беларускага пісьменства мы выпусцім анімацыйны фільм "Класікі і шахматы", - расказала Наталля Касцючэнка.

Мультфільм разлічаны на дзяцей ва ўзросце ад 6 гадоў, працягласць стужкі - 13 мінут. "Сюжэтная аснова наступная. Вядомы факт, што Купала і Колас любілі гуляць у шахматы пры сустрэчы. І мы вырашылі паказаць своеасаблівы шахматны паядынак, дзе класікі гуляюць у шахматы", - сказала сцэнарыст і рэжысёр-пастаноўшчык.

Паводле яе слоў, кожны шахматны ход Купалы і Коласа - гэта чытанне ўрыўка свайго твора. "Пісьменнікі сустрэліся ў парку за шахматным столікам і працэс гульні зацікавіў дзяцей, якія гулялі ў парку. У выніку яны з задавальненнем уключыліся ў гульню Коласа і Купалы. А чым усё скончылася, даведаемся, калі выйдзе фільм", - расказала Наталля Касцючэнка.

Жанр анімацыйнага фільма "Класікі і шахматы" - пазнавальна-навучальны. "Мы выбралі вершы класікаў, напісаныя імі для дзяцей. Хочацца прыцягнуць увагу дзяцей да творчасці Купалы і Коласа, прыгажосці іх паэтычнай мовы і вершаванай формы, - адзначыла сцэнарыст. - Спадзяёмся, паглядзеўшы наш фільм, дзеці сапраўды захочуць бліжэй пазнаёміцца з творамі беларускіх класікаў. Мы стараемся зрабіць фільм вясёлым".

Яна таксама расказала, што мультфільм выкананы ў тэхніцы камп'ютарнага перакладання. "Гэта плоскаснае адлюстраванне персанажа, разрэзанага на дэталі, якія збіраюцца ў камп'ютарнай праграме і "ажыўляюцца" мастаком-аніматарам. Персанажаў можна намаляваць як на паперы, так і ў камп'ютарнай праграме, - растлумачыла Наталля Касцючэнка. - На паперы персанажаў малююць, калі хочуць убачыць фактурны эфект паперы, фарбы. Потым папяровыя версіі сканіруюць і дэталі персанажаў апрацоўваюць асобна ў спецыяльнай камп'ютарнай праграме".

Над анімацыйным фільмам "Класікі і шахматы" акрамя Наталлі Касцючэнка працуе пастановачная група ў складзе мастака-пастаноўшчыка Канстанціна Касцючэнкі, мастакоў-аніматараў Таццяны Нагорскай і Юліі Пінцак, мастака-жывапісца Дзіяны Бяцун і іншых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі