Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 снежня 2019, 15:06

"Беларусьфільм" пачынае здымкі дэтэктыва "У пошуках анёла"

9 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" пачынае здымкі дэтэктыва "У пошуках анёла", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар Уладзімір Карачэўскі.

"Рэжысёр фільма - Ігар Чацверыкоў, аўтар сцэнарыя - Валянцін Залужны. Першыя здымкі пройдуць у снежні ў нашых павільёнах. Гэта такі псіхалагічны трылер, цікавая дэтэктыўная гісторыя, якая, спадзяёмся, зацікавіць не толькі беларускія, але і расійскія тэлеканалы. Пакуль не будзем загадваць, паглядзім, што атрымаецца. Але ў любым выпадку гісторыя сама па сабе цікавая", - адзначыў Уладзімір Карачэўскі.

Паводле яго слоў, 2020-ы будзе для кінастудыі годам вялікіх прэм'ер. "Першай стане гісторыка-прыгодніцкая стужка "Авантуры Пранціша Вырвіча" па матывах аднайменнага рамана Людмілы Рублеўскай, здымае карціну Аляксандр Анісімаў. Вясной сумесна з "Першай КінаВідэаКампаніяй" мы павінны прадставіць серыял "Сляды апосталаў - 2" рэжысёра Сяргея Талыбава. Да 9 мая выйдзе фільм "Лёс дыверсанта", які здымаем з нашымі расійскімі партнёрамі, рэжысёр Дзмітрый Астрахан", - расказаў гендырэктар.

Восенню наступнага года чакаецца прэм'ера маладзёжнага серыяла "Ілюзіі", рэжысёр-пастаноўшчык Іван Паўлаў. Вясной кінастудыя прадставіць альманах маладых рэжысёраў пра Мінск. "Рыхтуем для гледача анімацыйны мюзікл "Зоркі сёмага неба" рэжысёра Алены Туравай. Плюс выйдуць яшчэ тры анімацыйныя серыялы: "Тошка і яго сябры", "Займальная азбука" і "Азбука небяспекі". І, вядома ж, спадзяёмся ад аніматараў атрымаць цікавыя фестывальныя работы", - сказаў Уладзімір Карачэўскі.

У планах у наступным годзе пачаць стварэнне поўнаметражных анімацыйных стужак. "У прыватнасці, плануем у 2020 годзе пачаць здымкі фільма "Песня Сірын" паводле сцэнарыя, які перамог у маладзёжным конкурсе, праведзеным кінастудыяй. Ёсць цікавыя прапановы мастацкіх і дакументальных фільмаў па гісторыі нашай краіны. Работы хопіць усім", - дадаў кіраўнік "Беларусьфільма".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі