Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 ліпеня 2020, 13:37

Беларус Раман Волазнеў заваяваў Гран-пры конкурсу эстраднай песні XXIX "Славянскага базару"

20 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадстаўнік Беларусі Раман Волазнеў заваяваў Гран-пры конкурсу выканаўцаў эстраднай песні XXIX "Славянскага базару ў Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Па выніках двух конкурсных выступленняў з кампазіцыяй уласнага сачынення "Свяча" на вершы Максіма Багдановіча і сусветным хітом Autumn Leaves ён набраў 134 балы. З фестывальнага Віцебска пераможца павязе запаветную "Ліру" і грашовую прэмію ў памеры $20 тыс. Таксама ён адзначаны спецыяльнай прэміяй імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы, высокае выканальніцкае майстэрства і спецыяльным прызам Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Першую прэмію прэстыжнага конкурсу і спецпрыз атрымала ўкраінская спявачка Эліна Івашчанка, якая таксама набрала 134 балы. Сэрцы журы і публікі пакарыла яе шчырае выкананне.

Лаўрэатам другой прэміі стала Караліна Лында з Літвы. Хіт Паліны Гагарынай "Навек" і I Have Nothing Уітні Х'юстан прынеслі артыстцы 131 бал.

Трэцюю прэмію падзялілі прадстаўніца Босніі і Герцагавіны Івона Адзіцкі і Хансултан з Казахстана.

Спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі "Славянская надзея" прысуджаны Эліне Івашчанка. Канкурсантка з Расіі Алена Freyman адзначана спецыяльнымі прызамі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "МІР".

За перамогу ў XXIX Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2020" спаборнічалі ўдзельнікі з 14 краін: Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Італіі, Казахстана, Кубы, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Сербіі, Украіны і Эстоніі.

Ацэнкі канкурсантам у гэтым годзе выстаўлялі Іна Афанасьева (Беларусь), Кейт Раян (Бельгія), Томас Невергрын (Данія), Карлыгаш Абдзікарымава (Казахстан), Ладзіслаў Бубнар (Славакія), Наталля Бучынская (Украіна). Журы ўзначаліў народны артыст Расіі Алег Газманаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі