Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 ліпеня 2022, 19:45

Беларусь, Казахстан, Італія, Узбекістан. Вызначыліся прэтэндэнты на ўзнагароды дзіцячага конкурсу "Славянскага базару"

13 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Максімальны бал на першым канцэрце міжнароднага дзіцячага конкурсу "Славянскага базару ў Віцебску" набралі чатыры ўдзельнікі. Усе 15 юных артыстаў выканалі песні кампазітараў сваёй краіны на роднай мове, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гучна і ўпэўнена адкрыў дзіцячы музычны конкурс васільковага фестывалю беларус Елісей Касіч. Ён прадставіў на суд гледача і журы кампазіцыю "Неба пажар" Валерыя Шмата. Юны артыст атрымаў магутную падтрымку залы, сарваўшы авацыі, а потым і вельмі прыемную ацэнку музычных суддзяў - максімальную колькасць балаў - 70. Хоць раней беларус і гаварыў, што прыкладзе максімум намаганняў для перамогі, выніку ён здзівіўся. Але тут жа адзначыў: наперадзе другі дзень вакальнага спаборніцтва, і расслабляцца ні ў якім разе не трэба.

Усе дзясяткі ў сваім конкурсным "дзённіку" атрымаў і Алінур Хамзін. І гэта нядзіўна - у яго родным Казахстане заўсёды праходзяць сур'ёзныя адборы на васільковы фестываль, і прадстаўнікі гэтай краіны нярэдка вязуць з Віцебска прэміі і гран-пры конкурсаў. "Я праспяваў крута, але можна было яшчэ лепш. Мая песня была пра казахскі народ, пра свабоду казахаў", - сказаў юны артыст. Ён паспеў пасябраваць ужо з канкурсантамі з Узбекістана, Егіпта і Арменіі.

Найвышэйшым адзнакам журы парадаваліся італьянка Элізабет Спаранья і Фірдаўс Авезаў з Узбекістана. Расіянка Юлія Гаўрылава ўступіла ім усяго адзін бал. Дзяўчына напоўніла залу цыганскімі напевамі. Уладальніца 27 гран-пры розных конкурсаў адзначыла, што самым запамінальным для яе стаў праект "Голас. Дзеці". Не выключана, што яго цяпер перасягне "Славянскі базар".

Музычную барацьбу на 20-м дзіцячым конкурсе вядуць 15 юных зорачак. Экспертную ацэнку іх выступленняў дае прафесійнае журы. У гэтым годзе яго ўзначаліў народны артыст Беларусі Васіль Раінчык. Ён жа быў старшынёй першага дзіцячага конкурсу на віцебскім фестывалі. Сёння кампазітар паставіў усім удзельнікам вышэйшы бал. "Узровень конкурсу вельмі высокі, - растлумачыў свой выбар адзнак Васіль Раінчык. - Выходзіць дзіця на сцэну з надзеяй у вачах. Што яму паставіць? Толькі вышэйшы бал. Яны ўсе знаходзяцца ў творчым пошуку. Можа, не ўсе з іх стануць артыстамі, але вось у гэты перыяд, пакуль яны выступаюць, яны расцвітаюць. Гэты вопыт ім вельмі спатрэбіцца".

Кампазітар адзначыў, што ўзроставы парог дзіцячага музычнага спаборніцтва на" Славянскім базары" практычна ўжо зраўнаваўся з дарослым, і некаторых удзельнікаў смела можна адпраўляць на конкурс маладых выканаўцаў. Старшыня міжнароднага журы звярнуў увагу і на афармленне сцэнічных нумароў: касцюмы, вобразы - усё прадумана да дробязей.

Бітва за прызавыя месцы і Гран-пры музычнага спаборніцтва прадоўжыцца заўтра, 14 ліпеня. Дзецям трэба будзе выканаць песні на ўласны выбар. Абодва конкурсныя дні гасцінна прымае канцэртная зала "Віцебск".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі