Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 студзеня 2021, 20:00

Беларусь і Узбекістан плануюць пачаць у 2021 годзе тры сумесныя кінапраекты

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Узбекістан плануюць пачаць у 2021 годзе тры сумесныя кінапраекты. Аб гэтым расказаў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Уладзімір Карачэўскі сёння пасля перагавораў з прадстаўнікамі Нацыянальнага агенцтва "Узбеккіно" і кінастудыямі Узбекістана, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У бягучым годзе прыватныя ўзбекскія кінастудыі пры падтрымцы "Узбеккіно" плануюць пачаць здымкі некалькіх фільмаў на тэрыторыі Беларусі, для якіх "Беларусьфільм" прадаставіць свае паслугі. "Сёння кінастудыя прымае ў сябе прадстаўнікоў трох узбекскіх карцін. Гэта фільм рэжысёра Акбара Бектурдзіева "Узбечка" пра дзяўчыну-снайпера, 90 працэнтаў якога плануецца зняць у Беларусі. Другім праектам стане кінакарціна пра Джызакскае паўстанне 1916 года, у Беларусі знімуць некаторыя эпізоды ваенных сцэн і піцерскіх экстэр'ераў і інтэр'ераў да яго. Акрамя таго, мы абмеркавалі пытанне сумеснай вытворчасці яшчэ адной гісторыі. Яна пра Героя Савецкага Саюза ўзбека Мамадалі Тапвалдыева, які ваяваў з фашысцкімі акупантамі ў глыбокім тыле як беларускі партызан", - падкрэсліў гендырэктар беларускай кінастудыі.

"Фільмы, якія мы пачнём ствараць, будуць умацоўваць трывалы дружалюбны фундамент, які ўжо існуе", - заявіў генеральны дырэктар Нацыянальнага агенцтва "Узбеккіно" Фірдаўс Абдухалікаў.

Паводле слоў Уладзіміра Карачэўскага, супрацоўніцтва ў стварэнні фільмаў, удзел у фестывалях, абмен вопытам даюць развіццё кінакультуры і дзелавым адносінам як паміж кінастудыямі, так і паміж краінамі.

Здымачныя групы будучых кінакарцін падчас знаходжання ў Беларусі наведаюць лакацыі для здымак у Мінску, Гомелі, Бабруйску, Брэсце, на натурнай пляцоўцы кінастудыі.

"Да нядаўняга часу апошнім сумесным кінапраектам паміж Беларуссю і Узбекістанам была кінакарціна "Незабытая песня" вытворчасці СССР 1973 года рэжысёра Равіля Батырава. Знаёмства пачалі аднаўляць з 2017 года, магчыма, гэта звязана з цікавасцю да кіно на самым высокім узроўні", - расказаў Уладзімір Карачэўскі.

За 2020 год пры ўдзеле кінастудыі "Беларусьфільм" на тэрыторыі Беларусі былі зняты ваенныя эпізоды ўзбекскіх кінакарцін "Ілхак" рэжысёра Джахангіра Ахмедава пра трагічную гісторыю Зульфіі Закіравай, якая страціла на вайне пяць сыноў. Стужка з поспехам была паказана па ўсіх тэлеканалах Узбекістана 9 мая 2020 года. Другім праектам стаў фільм "Мерос" (Спадчына) рэжысёра Хілола Насімава. У ім расказваецца гісторыя даўняй дружбы, адзінства традыцый і вераванняў узбекскага і казахстанскага народаў. Апошняя кінакарціна "Вясна кахання" рэжысёра Ібрагіма Расулава паказвае дзяцінства і творчасць паэта і палітычнага дзеяча Хаміда Алімджана. Дзве апошнія карціны яшчэ не выйшлі ў пракат.

"Узбекскія калегі высока ацанілі прафесіяналізм беларускіх акцёраў, творчых і тэхнічных спецыялістаў", - дадаў Уладзімір Карачэўскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі