
24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 24 студзеня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" адбудзецца спецыяльны кінапаказ, прысвечаны Дню зняцця блакады Ленінграда і Міжнароднаму дню памяці ахвяр халакосту. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
"24 студзеня пачне тэматычны тыдзень публіцыстычная стужка Міхаіла Рома "Звычайны фашызм", у якой аўтар выкарыстаў трафейныя хранікальныя матэрыялы з кінаархіваў міністэрства прапаганды фашысцкай Германіі і асабістага фотаархіва Гітлера, аматарскія здымкі эсэсаўцаў. Даследаванне прыроды ўзнікнення нацызму і таго, якую цану давялося заплаціць за гэта "вынаходства" ідэолагаў Трэцяга рэйха, выдатны майстар кіно палічыў сваім абавязкам зрабіць у часы (1965), калі фашызм, здавалася б, згінуў, як запавет і перасцярогу нашчадкам", - расказалі ў прэс-службе.
25 студзеня на тэлеканале пачнецца паказ шматсерыйнай кінаэпапеі Міхаіла Яршова "Блакада" паводле аднайменнага рамана Аляксандра Чакоўскага, прысвечанага мужнасці і стойкасці ў складаныя дні абароны і блакады Ленінграда ў 1941-1942 гады. Намаганнямі Чырвонай Арміі амаль 900-дзённая блакада горада - самая кровапралітная ў гісторыі чалавецтва - была цалкам знята толькі 27 студзеня 1944 года.
Праз год, 27 студзеня 1945-га, савецкія войскі вызвалілі вязняў найбуйнейшага нямецкага канцлагера Аўшвіц-Біркенау. Гэты дзень устаноўлены ў краінах ААН як Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту.
Дакументальны цыкл "Хроніка Мінскага гета" вытворчасці студыі "Майстэрня Уладзіміра Бокуна", які будзе паказаны на "Беларусь 3" таксама з 25 студзеня, у чатырох эпізодах раскажа трагічную гісторыю яўрэйскага гета і гераічнага падпольнага супраціўлення ў самым цэнтры беларускай сталіцы, а таксама ў іншых гарадах краіны падчас нямецка-фашысцкай акупацыі.-0-