ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 3 снежня 2021
Мінск -2°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
31 жніўня 2021, 09:44

"Беларусь 3" пакажа фільмы і спектаклі паводле твораў айчынных аўтараў да Дня пісьменства

Фота з архіва
Фота з архіва

31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Беларусь 3" пакажа фільмы і спектаклі паводле твораў айчынных аўтараў да Дня беларускага пісьменства. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

"Да Дня беларускага пісьменства тэлеканал "Беларусь 3" пакажа кінастужкі і спектаклі паводле твораў айчынных пісьменнікаў, а 4 і 5 верасня наведае горад Капыль і правядзе прамыя трансляцыі кніжнага свята", - расказалі ў прэс-службе.

Штогод з 1994 года свята пісьменства, якое традыцыйна адзначаецца ў першую нядзелю верасня, падарожнічае па гістарычных цэнтрах беларускай культуры, навукі і літаратуры. У гэтым годзе эстафету ўрачыстых цырымоній і тэматычных мерапрыемстваў прымае горад Капыль Мінскай вобласці. "Здымачная група сацыякультурнага тэлеканала наведае ўсе святочныя пляцоўкі, пазнаёміцца з гасцямі і ўдзельнікамі і пакажа, як ўшаноўваецца гісторыка-культурная і духоўная спадчына Капыльскага рэгіёна ў выпусках "Навін культуры". Дарэчы, з верасня праект будзе выходзіць у новым графічным афармленні", - адзначылі ў Белтэлерадыёкампаніі.

"Эфір тэлеканала з 3 па 5 верасня дапоўніцца ігравымі кінастужкамі і мультфільмамі вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" і тэатральнымі пастаноўкамі, створанымі па мастацкіх тэкстах беларускіх літаратараў Алеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Андрэя Макаёнка, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна, Аляксея Дударава, Янкі Маўра і Янкі Купалы. У праграмах "Люблю і памятаю", "Запіскі на палях" і "Суразмоўцы" прагучаць гісторыі жыццёвага і творчага лёсу класікаў і сучасных майстроў слова", - падкрэслілі ў прэс-службе.

5 верасня ў 12.00 на "Беларусь 3" пачнецца прамая трансляцыя ўрачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства, а ў 19.30 канал пакажа канцэртную праграму закрыцця культурнага форуму.

Акрамя таго, гледачоў чакае прэм'ера новага адукацыйна-пазнавальнага праекта "Кафедра". "Мы бачым, што фармат адукацыйных лекцый шмат гадоў застаецца вельмі запатрабаваным у культурным асяроддзі, збірае мноства зацікаўленых слухачоў як у арт-прасторы, так і анлайн, - расказвае галоўны дырэктар сацыякультурнага тэлеканала Наталля Марынава. - На працягу часу гэты фармат таксама цудоўна зарэкамендаваў сябе ў эфіры "Беларусь 3" і дапоўніў шэраг нашых фірменных пазнавальных праграм аб знакамітых творцах, беларускім выяўленым мастацтве, музыцы, кіно, архітэктуры і нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыне. Новы праект "Кафедра" - гэта цыкл паўнацэнных тэлевізійных лекцый ад вядомых беларускіх экспертаў, даследчыкаў і мастацтвазнаўцаў, першыя выпускі якога мы прысвячаем гістарычным этапам кнігадрукавання на беларускіх землях і спецыяльна прымяркоўваем да Дня беларускага пісьменства".

У дзень пісьменства адбудзецца паказ адразу дзвюх лекцый з цыкла "Кафедра": "Чаму кнігі прамавугольныя і пры чым тут козы" і "Брэст, Авідзій і друкарскія станкі: як набывалі кнігу ў XVI стагоддзі". Далей праект будзе выходзіць па нядзелях.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі