Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 лютага 2023, 10:38

БАТД аб'явіў конкурс "Сэрца Брэсцкай крэпасці"

6 лютага, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы аб'явіў конкурс "Сэрца Брэсцкай крэпасці", прымеркаваны да 70-годдзя пастаноўкі п'есы Канстанціна Губарэвіча на сцэне тэатра, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі БАТД Вера Шэлест.

Прэм'ера спектакля "Брэсцкая крэпасць" на сцэне Брэсцкага тэатра драмы адбылася 19 сакавіка 1953 года. Знакавая пастаноўка прынесла тэатру ўсесаюзную славу і доўгія гады з'яўлялася яго візітнай карткай. Спектакль быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамолу, перажыў некалькі рэдакцый і акцёрскіх складаў, быў паказаны 953 разы гледачам Савецкага Саюза і блізкага замежжа.

"Мы не маглі прайсці міма такой даты. Акрамя таго, хочацца падтрымаць традыцыю. Першапачаткова была ідэя калі не аднавіць, то, прынамсі, папрацаваць з самой п'есай Губарэвіча. Але паколькі яна была напісана даўно, калі яшчэ не ўсе звесткі пра Брэсцкую крэпасць былі вядомы і ёсць фактычныя памылкі, разыходжанні з рэальнай гісторыяй, прыйшлі да высновы, што ставіць яе будзе цяжка. Яна ўстарэла. Таму вырашылі паставіць новую патрыятычную п'есу на тэму подзвігу абаронцаў крэпасці", - сказала Вера Шэлест.

Паводле ўмоў конкурсу, гэта павінна быць нованапісаная п'еса, нідзе раней не апублікаваная і не пастаўленая. Да ўдзелу запрашаюцца прафесійныя драматургі, пісьменнікі і гісторыкі. У конкурсе можна ўдзельнічаць як індывідуальна, так і ў складзе творчых калектываў. П'еса павінна быць напісана на рускай або беларускай мове, з улікам асаблівасцей трупы і колькаснага складу артыстаў БАТД.

Ацэньваць драматургічныя творы будзе мастацкі савет тэатра. Пераможца конкурсу атрымае права пастаноўкі на сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы.

Конкурс прадоўжыцца па 31 сакавіка 2023 года. Работы трэба адпраўляць па электронным адрасе brest_zavlit@yahoo.com з паметкай "Драматургічны конкурс". Як адзначыла Вера Шэлест, у тэатр прыходзяць першыя п'есы на заяўленую тэму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі