Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 верасня 2022, 10:57

Баранавіцкі краязнаўчы музей загаварыў на "зразумелай мове"

1 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Баранавіцкім краязнаўчым музеі ўкаранілі "зразумелую мову". Прэзентуюць наведвальнікам навінку 2 верасня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА навуковы супрацоўнік музея Ірына Карчэўская.

"Зразумелая мова" прызначана для тых, хто мае цяжкасці ў чытанні і разуменні тэксту. Такі фармат - яшчэ адзін інструмент для стварэння безбар'ернага асяроддзя. Новаўвядзенне ўкаранілі па праекце "Доступ да інфармацыі для людзей з інваліднасцю". У ім удзельнічалі музейныя работнікі, настаўнікі-дэфектолагі сярэдняй школы нумар 13 Баранавіч і супрацоўнікі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.

Баранавіцкі краязнаўчы музей адзін з першых у Брэсцкай вобласці ўкараніў у сваю прастору "зразумелую мову". Для даступнасці выкарыстоўваюцца простыя моўныя звароты з адназначнымі і найбольш часта ужывальнымі словамі. Спецыялісты прадставілі правілы наведвання музея, этыкетаж залы прыроды, падрыхтавалі паўнацэнную экскурсію аб флоры і фаўне Баранавіцкага рэгіёна.

"Зразумелая мова" прадугледжвае дапамогу не толькі людзям з інтэлектуальнымі асаблівасцямі, але і пажылым, а таксама іншаземцам, якія слаба ведаюць рускую мову. Гэта пашырае кола наведвальнікаў. На "зразумелай мове" зроблены вельмі простыя подпісы пад экспанатамі", - растлумачыла Ірына Карчэўская.

Баранавіцкі краязнаўчы музей лічыцца адным з самых старых у Брэсцкай вобласці. Ён створаны ў 1929 годзе. У яго фондах захоўваецца больш за 40 тыс. экспанатаў. Для наведвання адкрыты шэсць экспазіцыйных залаў, якія расказваюць аб прыродзе роднага краю, рамёствах, гісторыі Баранавіч і Баранавіцкага раёна, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах. Дарэчы, зала прыроды - самая новая, яе адкрылі вясной 2021 года. Таксама пры музеі ёсць выставачная зала.

"Выходзім на новы ўзровень. У нас праходзяць музейна-педагагічныя заняткі, распрацаваны квесты па экспазіцыі і горадзе, пешаходныя экскурсіі, турыстычныя маршруты па Баранавічах і Баранавіцкім раёне. Развіваецца прамысловы турызм", - расказала субяседніца. Напрыклад, у музея ёсць дамоўленасці на наведванне з Баранавіцкім баваўняным аб'яднаннем, ААТ "Гандальмаш", 558-м авіярамонтным заводам, лакаматыўным дэпо і іншымі прадпрыемствамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі