Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 кастрычніка 2019, 10:44

Балгарская драма "Бацька" адкрые кінафестываль "Лістапад"

23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фільмам адкрыцця XXVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" стане балгарская драма Петара Вылчанава і Крысціны Грозевай "Бацька", паведамілі БЕЛТА арганізатары.

У цэнтры сюжэта - містычная гісторыя. "Пасля смерці жонкі муж Васіль і сын Павел даведваюцца, што яна настойліва спрабуе дазваніцца суседцы па тэлефоне. Васіль, які верыць у забабоны, збіраецца на сустрэчу з вядомым медыумам. Сын, які даўно аддаліўся ад яго, едзе з ім разам. Гэта вар'яцкае падарожжа дапаможа бацьку і сыну прызнаць сваю віну перад той, каго яны страцілі, і пераасэнсаваць свае адносіны", - расказалі арганізатары.

Карціны Петара Вылчанава і Крысціны Грозевай пастаянна ўдзельнічаюць у фестывалі і заўсёды становяцца аднымі з найважнейшых яго падзей. Драма "Урок" у 2015 годзе атрымала "Золата "Лістапада", фільм "Слава" ў 2016 годзе ўдастоіўся прыза глядацкіх сімпатый. Іх стужкі - спалучэнне кіно фестывальнага і глядацкага, і "Бацька" - не выключэнне. Фільм атрымаў Гран-пры "Хрустальны глобус" на кінафестывалі ў Карлавых Варах, прыз за лепшую рэжысуру і прыз глядацкіх сімпатый Сахалінскага МКФ "Край свету".

"Стужка ўяўляе сабой узор кіно, якое расказвае пра сямейныя вузы, бытавыя сваркі, веру ў цуд і каханне. Карціна кранальная, містычная, у ёй шмат гумару і іроніі, а таксама нечаканая канцоўка - тое, што вызначае творчасць Петара Вылчанава і Крысціны Грозевай", - адзначыў дырэктар праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў.

У бягучым годзе кінафестываль "Лістапад" пакажа 154 фільмы ў 6 кінатэатрах сталіцы. Сёння ў касы кінатэатраў паступілі білеты на цырымоніі адкрыцця і закрыцця, а таксама на сеансы нацыянальнага конкурсу. На сайце і ў касах Falcon Club Буцік Кіно прадаюць ужо білеты на пазаконкурсныя паказы ігравога кіно.

XXVI Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 1 па 8 лістапада пад слоганам "Да радасці". Яго заснавальнікамі выступаюць Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Арганізатар - цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі