Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 сакавіка 2021, 12:07

Байкапісец, драматург, акадэмік: у НББ адкрылася выстава да юбілею Кандрата Крапівы

12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кніжная выстава "Яскравасць таленту" да 125-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Кандрата Крапівы адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце НББ.

У экспазіцыі прадстаўлены дакументы з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, якія раскрываюць усё багацце літаратурнага і навуковага таленту беларускага пісьменніка.

"Кандрат Крапіва - пісьменнік яскравага таленту, выдатная постаць у беларскай літаратуры. Уменне заўважаць нават драбнейшыя дэталі жыцця сучаснікаў дало магчымасць яму праявіць сябе ў якасці байкапісца і драматурга. Імкненне да ведаў дапамогло стаць перакладчыкам, рэдактарам і ў выніку - акадэмікам", - адзначылі арганізатары.

На выставе прадстаўлены прыжыццёвыя выданні вершаў і баек аўтара: "Асцё" (1925), "Крапіва" (1928), "Ухабы на дарозе" (1930), "Хвядос - Чырвоны нос" (1931), "Выбраныя вершы" (1935), "Выбраныя творы" (1941). У раздзеле "Драматургія" экспануюцца "П'есы" (1953), "Людзі і д'яблы" (1958), "Хто смяецца апошнім" (1969), "Пяюць жаўранкі" (1951), "З народам" (1950), "Брама неўміручасці" (1974). Раздзел "Пераклады" дае чытачу магчымасць азнаёміцца з Кандратам Крапівой - перакладчыкам: прадстаўлены яго пераклады на беларускую мову твораў Мікалая Гоголя, Мікалая Астроўскага, Уільяма Шэкспіра, Тараса Шаўчэнкі, а таксама вольны вершаваны пераклад Бібліі ў сатырычнай манеры.

"Вынікам навуковай дзейнасці Кандрата Кандратавіча сталі слоўнікі беларускай мовы пад яго рэдакцыяй "Беларуска-рускі слоўнік" (1962), "Русско-белорусский словарь" (1982), "Дыялекталагічны атлас беларускай мовы" (1963), "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (1977-1984)", - расказалі ў бібліятэцы.

У экспазіцыі прадстаўлены выданні, у якіх даецца крытычны аналіз творчасці Кандрата Крапівы такіх даследчыкаў, як Сцяпан Лаўшук, Алесь Кучар, Пётр Васючэнка, Дзмітрый Бугаёў. "Цікавы будзе для наведвальнікаў і прысвечаны Кандрату Крапіве том з серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі". Кніга была падрыхтавана выдавецтвам "Мастацкая літаратура" і на нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі" атрымала дыплом I ступені ў намінацыі "Навука і веды", - падкрэслілі ў НББ.

Таксама ў чытачоў ёсць магчымасць убачыць аўтографы, пакінутыя аўтарам у 1964 і 1976 гадах у яго кнігах, што захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі.

Выстава будзе працаваць да 25 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі