Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 красавіка 2020, 09:45

"Б" - значыць Буцянеўскі: у Бешанковічах краязнавец збірае цагліны з гісторыяй

21 красавіка, Бешанковічы /Андрэй Шчарбіцкі - БЕЛТА/. Жыхар Бешанковіч краязнавец Станіслаў Леаненка збірае цагліны. У яго калекцыі вырабы рознай формы, колеру, памеру, на некаторых ёсць кляймо вытворцы або адбіткі пальцаў чалавека. Аб сваім хобі гісторык расказаў карэспандэнту БЕЛТА.

У пошуках даўніны Станіслаў стараецца трапіць ва ўсе куткі раёна. "Калі на руінах панскага маёнтка назіраў, што застаюцца цагліны, вырашыў забіраць іх на памяць. Потым стаў разглядаць і на многіх заўважыў надпісы, адбіткі рук, розныя клеймы. За два гады сабраў калекцыю, усё знойдзена толькі ў нашым раёне", - адзначае краязнавец.

У калекцыі бешанковіцкага краязнаўца сотні цаглін. Па памеры вырабу Станіслаў можа вызначыць, да якога перыяду адносіцца будынак, цагліна ручной работы гэта ці не. "У розныя часы былі свае стандарты. У 1847 годзе ўстанавілі адны патрабаванні, так, вага цагліны не павінна была перавышаць 4 кг. У 1927 годзе яны змяніліся: цагліна стала меншай", - прыводзіць ён прыклад.

У Бешанковіцкім раёне гліны дастаткова. У XIX стагоддзі ў гэтых мясцінах працавалі два буйныя заводы і яшчэ больш саматужных майстэрняў. Калі памешчык збіраўся будаваць дом, побач стваралі вытворчасць, шукалі гліну ў мясцовасці. Бывала, што і селянін для кладкі печы ляпіў маленькія цагліны.

"Наша знакамітая цагліна з кляймом "Б" - Буцянеўскі, па імені ўладальніка вытворчасці. Нават за межамі раёна яго знаходжу. Будаўнічы матэрыял быў добрай якасці, яго куплялі. Пасля рэвалюцыі, разбіраючы панскія маёнткі, людзі выкарыстоўвалі гэту цэглу для кладкі печаў, сваіх пабудоў", - расказвае Станіслаў.

Ёсць у яго калекцыі і завозныя вырабы - з Даўгаўпілса, 1860-х гадоў вытворчасці. "Гэту цагліну знайшоў на беразе Заходняй Дзвіны на месцы двух маёнткаў. Верагодна, нашы памешчыкі нейкі тавар у горад адвезлі і, каб баржа пустой не ішла, купілі па дэмпінгавых цэнах мясцовую цэглу. У тыя гады заканчвалася будаўніцтва Дынабургскай крэпасці, заводаў хапала і цэглы заставалася многа", - выказаў версію краязнавец.

У кожнага экспаната свая асаблівасць. На некаторых захаваліся сляды жывёл і адбіткі пальцаў рук людзей. Уважлівы чалавек можа заўважыць, дзе цагліны рэзалі цыркулярнай пілой, а дзе яшчэ струной. "Вось ёсць на іх лічбы 30, 90, нанесеныя рукой чалавека. Чаму такія лічбы? Справа ў тым, што тады лічылі копамі (адзінка ліку, роўная 60 штукам чаго-небудзь). Гэта значыць, 30 - паўкапы, 90 - паўтары", - тлумачыць Станіслаў.

Некаторыя экспанаты ён перадае ў фонды раённага музея, частка захоўваецца на прысядзібным участку. Краязнавец марыць стварыць экспазіцыю пад адкрытым небам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі