Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 жніўня 2021, 17:13

"Авантуры Пранціша Вырвіча", "Горад майстроў", "Ілюзіі" - "Беларусьфільм" расказаў пра новыя праекты

6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Юрый Ігруша расказаў сёння журналістам, якія прэм'еры ўбачыць глядач у бліжэйшы час, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У гэтым годзе кінастудыя ўвайшла ў больш актыўную фазу работы. Ужо адбылася прэм'ера першага беларускага анімацыйнага мюзікла "Зоркі сёмага неба", здымкі якога доўжыліся больш за чатыры гады. "Прыгодніцкая гісторыя пра спрадвечную барацьбу дабра і зла, сілу мары, пра тое, як важна на шляху да высакароднай мэты не паддавацца падманам і спакусам. Фільм ужо выйшаў у айчынных кінатэатрах, цяпер вядуцца перагаворы аб пракаце ў іншых краінах", - расказаў Юрый Ігруша.

"Рыхтуецца да выхаду восенню ў пракат гісторыка-прыгодніцкі фільм на беларускай і рускай мовах "Авантуры Пранціша Вырвіча". Завяршаецца работа над прэм'ерай "Сляды апосталаў - 2". Гэта праект, да якога праяўляюць цікавасць замежныя каналы, у прыватнасці з Расіі і Украіны. Восенню на тэлеканале СТБ выйдзе доўгачаканы маладзёжны сіткам "Ілюзіі". Ідуць таксама здымкі серыйнага фільма "Полымя пад попелам". Падзеі ў ім разгортваюцца адразу ў двух часавых перыядах: сучаснасці і ў 1945-м. Фільм расказвае пра групу размінёраў. Завяршаецца работа над дэтэктывам "У пошуках анёла", - дадаў спецыяліст цэнтра.

Што датычыцца залатога фонду беларускага кіно, то вядзецца работа па пераводзе ў лічбавы фармат фільмаў з архіўных кінастужак. Як адзначаецца, раней для іх аднаўлення не было тэхнічнай магчымасці. "Нядаўна ў кінатэатрах прайшоў паказ адрэстаўрыраванага фільма "Канстанцін Заслонаў". Зусім хутка выйдзе казка "Горад майстроў", - звярнуў увагу Юрый Ігруша. - Рэстаўрацыйны напрамак сур'ёзна ўзбагачае фонд кіно, дазваляе захаваць яго ў добрай якасці і данесці да гледача. Ёсць фільмы, якія ўжо даўно не выходзілі на экраны. Гэта надае ім другое жыццё".

Акрамя таго, актыўна развіваецца YouTube-канал "Беларусьфільма". Нядаўна ён атрымаў сярэбраную кнопку. Дарэчы, па меры алічбоўкі на канал дабаўляюцца фільмы пасля рэстаўрацыі.

Юрый Ігруша нагадаў пра фільм "263 ночы". Гэта міжнародны праект Беларусі, Расіі і Ізраіля, заснаваны на рэальнай гісторыі групы з 26 яўрэяў, якія спрабавалі выжыць у выкапаным імі склепе ў страшныя гады фашысцкай акупацыі і стварэння гета. Фільм расказвае пра 263 ночы ў падзямеллі, без магчымасці выбрацца наверх, з рызыкай кожны дзень быць знойдзенымі і знішчанымі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі